«БІ́ЛЬД ЦА́ЙТУНГ»
(«Bild Zeitung», «Ілюстраваная газета»),
адна з самых буйных нямецкіх газет. Выдаецца з 1952 у Берліне штодзённа ў 18 рэгіянальных выпусках. Да 1971 называлася «Bild» («Ілюстрацыя»), Мае дадаткі: нядзельны (з 1956), для жанчын (з 1983), для аўтамабілістаў (з 1986) і інш.
т. 3, с. 152
БІЛЬЁН
(франц. billion),
тое, што і мільярд (109). У некаторых дзяржавах (напр., Англіі, Германіі) більён — лік 1012 (мільён мільёнаў).
т. 3, с. 153
БІЛЬТ
(Bildt) Карл (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.
т. 3, с. 153
БІЛЬЯ́РД
(франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 х 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Ю.Г.Лобач.
т. 3, с. 153
«БІ́ЛЬ АБ ПРАВА́Х»
(Bill of Rights),
1) у Вялікабрытаніі канстытуцыйны акт, прыняты парламентам у 1689. Юрыдычна аформіў дасягненні «Слаўнай рэвалюцыі», абмежаваў уладу караля на карысць парламента.
2) У ЗША першыя 10 паправак да Канстытуцыі 1787. Набылі сілу ў 1791. Гарантавалі бурж.-дэмакр. свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і петыцый, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш.
т. 3, с. 152
БІЛЮ́НАС
(Biliūnas) Іонас (11.4.1879, в. Нюроніс Анікшчайскага р-на, Літва — 8.12.1907),
літоўскі пісьменнік. Вучыўся ў Юр’еўскім (Тартускім), Лейпцыгскім, Цюрыхскім ун-тах. Сябраваў з Цёткай (А.Пашкевіч). Майстар лірыка-псіхал. навелы. Аўтар каля 30 апавяданняў (кн. «Розныя апавяданні», «Палка. Жабрак. Госці. Канец Брысюса», абедзве 1906, і інш.), аповесці «Сумная казка» (1907), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Галоўная тэматыка — пакуты пакрыўджанага жыццём чалавека, лёс і жыццё рабочых. На бел. мову асобныя творы Білюнаса пераклалі П.Аляксюк («Наша ніва», 10.12.1909), І.Сакалоўскі (у зб-ках «Літоўскія апавяданні», 1957; «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
А.Лапінскене.
т. 3, с. 153
БІЛЯ́Р,
старажытны горад Балгарыі Волжска-Камскай, гарадзішча якога захавалася ў в. Білярск (Татарстан). Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 10 ст., дасягнуў росквіту ў 12 — пач. 13 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы. У слав. летапісах названы Вял. Горадам. Быў умацаваны валам з драўлянымі канструкцыямі і ровам. У 1236 разбураны мангола-татарамі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў з цэглы, вял. будынка караван-сарая, могільнік. Знойдзена шмат вырабаў мясц. рамеснікаў і рэчаў з Ірана, Візантыі, Каўказа, Русі.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 153
БІ́МАН
(Beamon) Роберт (н. 29.8.1946, Нью-Йорк),
амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1968 у скачках у даўжыню. Сусв. рэкорд (8,90 м), які ўстанавіў Біман на гэтым турніры, трымаўся 23 гады і лічыцца адным з найвышэйшых дасягненняў у гісторыі лёгкай атлетыкі. Лепшы спартсмен свету 1968.
т. 3, с. 153
БІМЕТА́Л
[ад бі... + метал(ы)],
матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.
т. 3, с. 153
БІМЕТАЛІ́ЗМ,
грашовая сістэма, пры якой за двума металамі — золатам і серабром — заканадаўча замацавана роля ўсеагульнага грашовага эквівалента. Манеты з гэтых металаў выконвалі ўсе функцыі грошай і нараўне ўдзельнічалі ў абарачэнні. Існавалі 2 разнавіднасці біметалізму: сістэма паралельнай валюты (вартасныя суадносіны паміж золатам і серабром устанаўліваліся стыхійна ў адпаведнасці з іх рыначнай вартасцю) і сістэма адной валюты (вызначаўся парытэт паміж серабром і золатам).
Біметалізм узнік у сярэднявеччы і быў найб. пашыраны ў Зах. Еўропе ў 16—19 ст., калі з развіццём капіталізму павялічваўся попыт на золата і серабро. Сістэма двайной валюты існавала ў ЗША з канца 18 ст. да 1873, у Францыі — з пач. 19 ст. Ва ўмовах біметалізму папяровыя грошы свабодна абменьваліся на золата і серабро, таму валютны запас краін складаўся з 2 гэтых металаў. Аднак біметалізм не адпавядаў патрэбам развітой таварнай гаспадаркі і супярэчыў самой прыродзе грошай як адзінага тавару, прызначанага выконваць ролю ўсеагульнага эквіваленту. Таму быў ажыццёўлены пераход ад залатога монаметалізму.
т. 3, с. 153