Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САКАЛО́Ў Уладзімір Глебавіч, бел. этнограф і фалькларыст 2-й пал. 19 ст. Чл. Мінскага губернскага стат. к-та, Рус. геагр. т-ва. З 1863 жыў у Мінскай губ., потым працаваў у Тураве, Мазыры міравым пасрэднікам, надворным саветнікам, міравым суддзёю. Друкаваўся ў «Минских губернских ведомостях», «Минских епархиальных ведомостях» і інш. Аўтар артыкулаў: «Нарысы нораваў Барысаўскага павета», «Нарысы народных святкаванняў і маленняў на Палессі», «Палессе: Паездка на возера Князь-Жыд», «Ліст з Палесся» (усе 1869), «Тураўская кантата св. Іаану Хрысціцелю» (1879), «Дзе мошчы св. Кірылы Тураўскага?» (1884). Адзін з першых запісаў легенды пра Князь-возера. Рабіў этнагр. замалёўкі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 14, с. 86

САКАЛО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989;

Стихотворения. Поэмы. М., 1987;

Стихи Марианне. М., 1996.

т. 14, с. 86

САКАЛО́Ў (Уладзіслаў Генадзевіч) (28.12.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 1993),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1936). Вучань А.​Аляксандрава, Дз.​Кабалеўскага. З 1936 арганізаваў і ўзначаліў Дзіцячы хор пры Цэнтр. доме маст. выхавання дзяцей, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1951 праф., у 1957—60 і з 1980 заг. кафедры). Адначасова ў 1946—52 хормайстар Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі, у 1956—88 арганізатар і маст. кіраўнік Дзярж. маскоўскага хору. У рэпертуары хар. творы розных эпох, стыляў, жанраў. Сярод яго твораў хар. цыклы, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «Работа з хорам» (3-е выд. 1967) і падручніка (у сааўтарстве). Сярод вучняў М.​Кутузаў, У.​Мінін, Г.​Панцюкоў. Дзярж. прэмія Расіі 1979.

Літ.:

В.​Соколов: Дирижер, педагог, композитор. М., 1988.

Л.​А.​Шыміновіч.

Уладзіслаў Генадзевіч Сакалоў.

т. 14, с. 86

САКАЛО́Ў (Юрый Мацвеевіч) (20.4.1889, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.1.1941),

рускі і ўкр. фалькларыст і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). У 1911—25 выкладаў у гімназіях і ВНУ Масквы. З 1939 дырэктар Ін-та фальклору АН Украіны. Складальнік фальклорных зб-каў: «Казкі і песні Белазерскага краю» (1915), «Паэзія вёскі» (1926; абодва з Б.​М.​Сакаловым), «Быліны» (1937), «Народная лірыка» (1939), «Анежскія быліны» (выд. 1948) і інш. Аўтар прац «Слова аб палку Ігаравым» і народная творчасць» (1936), «Рускі фальклор» (1941). У некат. працах выкарыстоўваў бел. фальклор.

т. 14, с. 86

САКАЛО́Ў (Яфрэм Яўсеевіч) (н. 25.4.1926, в. Равячына Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1956), ВПШ пры ЦК КПСС (1961). З 1956 на гасп. і парт. рабоце ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., Казахстане. У 1965—77 старшыня Брэсцкага абкома прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспадаркі і нарыхтовак, сакратар Іванаўскага райкома, заг. аддзела ЦК КПБ, з 1977 1-ы сакратар Брэсцкага абкома, у 1987—90 1-ы сакратар ЦК КПБ Чл. ЦК у 1976—87, Бюро ЦК КПБ у 1987—90. Чл. ЦК КПСС у 1986—90, Палітбюро ЦК КПСС у 1990—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1976—80, 1987—90. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1987—91. Старшыня Вышэйшага савета КПБ (з 1997).

т. 14, с. 86

САКАЛО́ЎКА,

вёска ў Язёрскім с/с Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Лабчанка, каля аўтадарогі Чэрыкаў—Слаўгарад. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г. Чэрыкаў, 92 км ад Магілёва, 47 км ад чыг. ст. Крычаў. 464 ж., 145 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 86

САКАЛО́ЎСКІ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 2.1.1937, в. Палікараўка Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960), з 1975 працаваў у ім, з 1998 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі (з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах прыроджанай і набытай паталогіі тазасцегнавога сустава, у т. л. прыроджаным і паталаг. вывіху сцягна, асептычных некрозах, дэгенератыўна-дыстрафічных захворваннях.

Тв.:

Хирургическое лечение заболеваний тазобедренного сустава. Мн., 1993 (разам з А.​С.​Крукам);

Патологический вывих бедра. Мн., 1997 (разам з А.​А.​Сакалоўскім).

т. 14, с. 87

САКАЛО́ЎСКІ (Васіль Данілавіч) (21.7.1897, в. Козлікі Гродзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча — 10.5.1968),

савецкі ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1945). Маршал Сав. Саюза (1946). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1921), Вышэйшыя акад. курсы (1928). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1922 на штабной рабоце, у 1930—35 камандзір дывізіі БВА, потым у інш. ваен. акругах, з лют. 1941 нам. нач. Генштаба Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 нач. штаба Зах. фронту, Зах. напрамку, камандуючы войскамі Заходняга фронту, нач. штаба 1-га Укр., нам. камандуючага войскамі 1-га Бел. франтоў. Удзельнік распрацоўкі Смаленскай аперацыі 1943 і Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. Пасля вайны нам. галоўнакамандуючага, галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1949 1-ы нам. ваен. міністра, у 1952—60 нач. Генштаба — 1-ы нам. міністра абароны СССР. З 1960 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946. У Гродне імем С. названа вуліца, устаноўлены бюст.

В.Д.Сакалоўскі.

т. 14, с. 87

САКАЛО́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (19.11.1887, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія — 18.5.1977),

бел. і рас. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н., праф. (1922). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). З 1922 кіраўнік хірург. клінік Мінскага мед. ін-та. З 1936 кіраўнік хірург. клінік у Варонежскім і Адэскім мед. ін-тах, з 1965 навук. кансультант Адэскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях агульнай і прыватнай хірургіі.

Тв.:

Кароткі падручнік па аперацыйнай хірургіі. Мн., 1932;

Коллоидально-осмотическое давление сыворотки при хирургических заболеваниях // Вестн. хирургии им. И.​И.​Грекова. 1934. Т. 34, кн. 100.

т. 14, с. 87

САКАЛО́ЎСКІ (Несцер Фёдаравіч) (9.11.1902, в. Вешкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1950),

бел. кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931, кл. М.​Аладава), вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1932—35). З 1926 акцёр і хормайстар БДТ-3, з 1931 кіраўнік самадз. хораў. У 1937—41 адзін з арганізатараў і хормайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. З 1943 маст. кіраўнік Палескага абл. ансамбля песні і танца, з 1944 нач. аддзела маст. самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, з 1946 ст. рэдактар рэдакцыі муз. л-ры Белдзяржвыдавецтва. Аўтар музыкі Дзярж. гімна БССР (верш М.​Клімковіча), многіх хароў, песень на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Русака, М.​Чарота і інш., інстр. мініяцюр, вак. сюіт на тэмы бел. нар. песень. Запісаў і апрацаваў больш за 500 бел. нар. песень (у т. л. «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і найгрышаў.

Літ.:

Нісневіч І.Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. Мн., 1969.

Дз.​М.​Жураўлёў, Т.​Г.​Слабодчыкава.

Н.Ф.Сакалоўскі.

т. 14, с. 87