Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА,

Аквітанская нізіна, на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.

т. 5, с. 68

«ГАРО́ТНІК»,

бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 68

ГАРО́Х

(Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.С.Купцоў.

т. 5, с. 68

ГАРО́ХАВІК Валянцін Вікенцьевіч

(н. 29.3.1949, в. Харошае Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў БДУ (1970). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейным аналізе, тэорыі аптымізацыі і аптымальных сістэмах кіравання. Распрацаваў новыя метады лакальнага аналізу нягладкіх і мнагазначных адлюстраванняў.

Тв.:

Выпуклые и негладкие задачи векторной оптимизации. Мн., 1990.

т. 5, с. 69

ГАРО́ХАЎКА,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Бабруйск, 135 км ад Магілёва. 516 ж., 184 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 69

Гарохаў Вадзім Андрэевіч

т. 18, кн. 1, с. 370

Гарохаў Валерый Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 370

ГАРО́ЧЫЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 120 км ад г. Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Гарочычы. 840 ж., 386 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 69

ГАРО́ШАК

(Vicia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошка адносіцца і віка. Да роду гарошка іншы раз адносяць боб.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.

т. 5, с. 69

ГАРО́ШАК Павел Антонавіч

(10.6.1925, в. Нованікалаеўка Фёдараўскага р-на, Башкортастан — 19.10.1994),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў пях. (1943) і танк. (1945) вучылішчы, Мінскі юрыд. ін-т (1951). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1943 на Варонежскім і 1-м Укр. франтах, санітар. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Кіеўскай вобл.: 22 вер. ў складзе перадавога атрада пераправіўся цераз раку, аказаў мед. дапамогу 26 сав. воінам, вынес з поля бою 32 параненых і іх зброю. Да 1946 у Сав. Арміі, потым у органах КДБ Беларусі.

т. 5, с. 69