Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА

(ад гальвана... + тэхніка),

галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.

Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.

У.М.Сацута.

т. 4, с. 476

ГАЛЬВА́НІ

(Galvani) Луіджы (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),

італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.

т. 4, с. 476

ГАЛЬВАНІЗА́ЦЫЯ ў медыцыне, метад электралячэння, заснаваны на выкарыстанні ў лек. і прафілакт. мэтах пастаяннага эл. току малой сілы і нізкага напружання; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Выкарыстоўваецца пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы (радыкуліты, плексіты, неўрыты), траўматычных, рэўматычных, абменных артрытах і інш. Станоўчы эфект дасягаецца праз змяненні фіз.-хім. працэсаў у клетках тканак тых участкаў цела, на якія накладваюцца электроды.

т. 4, с. 476

ГАЛЬВАНІ́ЧНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

тонкія плёнкі металу, якія наносяцца на паверхню метал. вырабаў электралітычным асаджэннем. Прызначаны для аховы вырабаў ад карозіі, дэкар. апрацоўкі, узнаўлення памераў пашкоджаных вырабаў, а таксама для надання паверхні спец. фіз. і хім. уласцівасцей (гл. Гальванастэгія, Гальванатэхніка). Найб. пашыраны гальванічнае нікеліраванне і храміраванне.

т. 4, с. 476

ГАЛЬВАНІ́ЧНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

крыніца электрычнага току, у якой хім. энергія пераўтвараецца ў электрычную. Складаецца з 2 электродаў: катод (мае акісляльнік) і анод (аднаўляльнік), якія кантактуюць з іонаправодным рэчывам (электралітам). Паміж электродамі ўсталёўваецца рознасць патэнцыялаў (электрарухальная сіла), якая вызначаецца свабоднай энергіяй акісляльна-аднаўляльнай рэакцыі. Бываюць аднаразовага выкарыстання (першасныя гальванічныя элементы), шматразовага дзеяння (другасныя, або абарачальныя, гальванічныя элементы; гл. Электрычны акумулятар) і гальванічныя элементы, якія могуць бесперапынна працаваць за кошт пастаяннага падводу да электродаў рэагентаў і адводу прадуктаў рэакцыі (паліўныя элементы).

т. 4, с. 476

ГАЛЬВАНО́МЕТР

(ад гальвана... + ...метр),

высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).

т. 4, с. 477

ГАЛЬДА́ДЭ Віктар Антонавіч

(н. 19.9.1947, пас. Содакамбінат Алтайскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі палімераў. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1971). З 1972 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі. Навук. працы па матэрыялазнаўстве палімераў і кампазітных матэрыялаў. Распрацаваў тэарэт. асновы рэгулявання структуры і ўласцівасцей палімерных і кампазітных матэрыялаў пры дапамозе эл. і магн. палёў.

Тв.:

Электретные пластмассы: физика и материаловедение. Мн., 1987 (разам з Л.С.Пінчуком);

Электрические и магнитные поля в технологии полимерных композитов. Мн., 1990 (у сааўт.);

Ингибиторы изнашивания металлополимерных систем. М., 1993 (разам з В.А.Струкам, С.С.Пясецкім).

т. 4, с. 477

ГАЛЬДА́НСКІ Віталій Іосіфавіч

(н. 18.6.1923, г. Віцебск),

вучоны ў галіне хім. фізікі. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1962). Ганаровы чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1944). З 1942 у Ін-це хім. фізікі, Фіз. ін-це АН СССР, маскоўскіх інж.-фіз. ін-це і ін-це тонкай хім. тэхналогіі; з 1988 дырэктар Ін-та хім. фізікі Рас. АН. Навук. даследаванні па хім. фізіцы, ядз. фізіцы, хіміі пазітронію. Адкрыў двухпратонную радыеактыўнасць (1960), нізкатэмпературную мяжу скорасці хім. рэакцыі. Гал. рэдактар часопісаў АН СССР «Химия высоких энергий» (1967—87) і «Химическая физика» (з 1987). Ленінская прэмія 1980. Залаты медаль (1975) і прэмія (1966) імя Дз.І.Мендзялеева АН СССР.

Тв.:

Эффект Мессбауэра и его применения в химии. М., 1963;

Физическая химия позитрона и позитрония. М., 1968;

Туннельные явления в химической физике. М., 1986 (разам з Л.І.Трахтэнбергам, В.М.Флёравым).

т. 4, с. 477

ГАЛЬДО́НІ

(Goldoni) Карла (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.; М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.; М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.В.Логіш.

т. 4, с. 477

ГАЛЬДШТЭ́ЙН Элкано Маркавіч

(н. 28.3.1923, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1950). Працаваў у «Белдзяржпраекце» (1952—90). З 1990 узначальвае персанальныя творчыя майстэрні. Асн. работы ў Мінску: комплекс жылых дамоў па вул. Чырвонай (1952—53, у сааўт.), радыётэхнічны каледж (1956), Фундаментальная б-ка АН Беларусі (1967), Дом настаўніка (1976), комплексы вучылішча кінамеханікаў і мед. ін-та на праспекце газ. «Праўда» (абодва 1979, у сааўт.); а таксама эксперым. школы ў Салігорску (1966), Брэсце (1969), Мінску (1976); серыя тыпавых школ і дашкольных устаноў (1960—80); краязнаўчы музей у Касцюковічах, школа мастацтваў у Нароўлі (абодва 1989, у сааўт.) і інш.

т. 4, с. 477