БЕРЫТАШВІ́ЛІ
(Берытаў) Іван Саламонавіч (10.1.1885, в. Веджыні, Сігнахскі р-н, Грузія — 30.12.1974),
савецкі грузінскі фізіёлаг; заснавальнік груз. школы фізіёлагаў. Акад. АН СССР (1939), АН Грузіі (1941), АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1915 у Новарасійскім (Адэса), з 1919 у Тбіліскім ун-тах. З 1941 дырэктар, з 1951 навук. кіраўнік Ін-та фізіялогіі АН Грузіі. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і вышэйшай нерв. дзейнасці. Даследаваў фізіялагічныя, псіхал. і фіз.-хім. асновы памяці. Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 3, с. 126
БЕ́РЫЯ Лаўрэнцій Паўлавіч
(29.3.1899, с. Мерхеулі Сухумскага р-на, Грузія — 23.12.1953),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл. КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦК КПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦК КПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.
Літ.:
Берия: конец карьеры. М., 1991;
Дело Берия //Изв. ЦК КПСС. 1991. № 1—2.
т. 3, с. 126
БЕ́РЫ-БЕ́РЫ
(ад сінгальскага beri слабасць),
авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.
Г.Г.Шанько.
т. 3, с. 124
БЕ́РЭНС
(Behrens) Петэр (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням. Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
т. 3, с. 126
БЕСАРА́БІЯ,
гістарычная вобласць паміж рэкамі Днестр і Прут. У 10—11 ст. у Кіеўскай Русі, потым у Галіцка-Валынскім княстве. З 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. пад уладай Турцыі. З 1812 у складзе Расійскай імперыі, з 1918 — Румыніі. У 1940 паводле «Пакта Рыбентропа—Молатава» 1939 уключана ў СССР. У 1941 захоплена войскамі Германіі і Румыніі, перададзена пад кантроль рум. улад. У 1944 вызвалена Чырв. Арміяй. Асн. частка Бесарабіі — тэр. Малдовы, паўд. частка — у Адэскай вобл. Украіны.
т. 3, с. 126
БЕ́СЕДЗЬ,
рака ў Беларусі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і Расіі (Смаленская і Бранская вобл.), левы прыток р. Сож. Даўж. 261 км, у межах Беларусі 185 км. Пл. вадазбору 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Пачынаецца ў Шумяцкім р-не Смаленскай вобл., цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл. і Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Вадазбор на паўд.-ўсх. ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Асн. прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Падуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, ручай Машоўка, Стаўбунка (злева).
Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая, б.ч. лугавая, парэзаная пратокамі, старыцамі, рукавамі. Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае. Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця. На Бесядзі гар. пасёлкі Хоцімск і Красная Гара (Бранская вобл.); у нізоўі Веткаўскі батанічны заказнік.
т. 3, с. 126
БЕ́СЕЛЬ
(Bessel) Фрыдрых Вільгельм (22.7.1784, г. Міндэн, Германія — 17.3.1846),
нямецкі астраном, геадэзіст і матэматык. Чл. Берлінскай АН (з 1812), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1814). З 1810 праф. Кёнігсбергскага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Вылічыў арбіту каметы Галея. Распрацаваў тэорыю сонечных зацьменняў, тэорыю і метады ўліку інструментальных і інш. памылак пры астр. назіраннях, тэорыю спец. цыліндрычных функцый (Беселя функцый). Адзін з першых вызначыў зоркавы паралакс (1838), элементы зямнога сфероіда, масы планет.
т. 3, с. 126
БЕ́СЕМЕР
(Bessemer) Генры (19.1.1813, Чарлтан, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 15.3.1898),
англійскі вынаходнік-металург. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1879). Атрымаў больш за 100 патэнтаў на вынаходствы і ўдасканаленні ў галіне механікі і металургіі. Стварыў канвертарны спосаб пераплаўкі чыгуну ў сталь (1856, т.зв. бесемераўскі працэс). У 1860 запатэнтаваў вярчальны канвертар. Прапанаваў бяззліткавую пракатку сталі.
Літ.:
Сорокин Ю.Н. Генри Бессемер // Вопр. истории естествознания и техники. М., 1956. Вып. 1.
т. 3, с. 126
БЕСЕМЕ́РАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
адзін з відаў атрымання сталі з вадкага чыгуну. У спец. (бесемераўскім) канвертары чыгун ператвараецца ў сталь у выніку акіслення прымесяў (крэмнію, марганцу, вугляроду), што суправаджаецца выдзяленнем цяпла. Прапанаваны ў 1856 Г.Бесемерам. У 2-й пал. 20 ст. заменены больш дасканалым кіслародна-канвертарным працэсам.
т. 3, с. 126
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 3, с. 127