Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІРС ((Peare) Пітэр) (22.6.1910, г. Фарнем, Вялікабрытанія — 1986),

англ. спявак (лірыка-драм. тэнар). Скончыў Каралеўскі муз. каледж у Лондане (1934). Творчую дзейнасць пачаў у 1933 у Лондане. Саліст т-раў «Сэдлерс-Уэлс» (1943—46) і «Ковент-Гардэн» (1948). Сумесна з Э.Б.Брытэнам заснаваў Англ. оперную трупу (1947). Першы выканаўца гал. партый у операх Брытэна, з якім гастраліраваў як камерны спявак: Пітэр Граймс (1945), Альберт Херынг (1945), Білі Бад (1951; усе аднайм. творы), а таксама твораў інш. сучасных англ. кампазітараў. Адзін з арганізатараў фестывалю сучаснай англ. музыкі ў Олдбара (з 1948).

т. 12, с. 383

ПІРС ((Peirce) Чарлз Сандэрс) (10.9.1839, г. Кеймбрыдж, штат. Масачусетс, ЗША — 19.4.1914),

амерыканскі філосаф, логік, матэматык і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў прагматызму і семіётыкі. Чл. Амер. АН і мастацтваў (1877), Нац. АН ЗША (1879). Скончыў Гарвардскі ун-т (1859). Праф. Кембрыджскага, Гарвардскага, Балтыморскага, Бостанскага ун-таў. Распрацаваў шэраг асноватворных ідэй агульнай і матэм. логікі. Імкнуўся спалучыць навук. даследаванні з рэліг. верай. Гал. прынцып прагматызму выклаў у працах «Як зрабіць нашы ідэі выразнымі» (1876), «Замацаванне вераванняў» (1877). Лічыў, што змест паняццяў поўнасцю вычэрпваецца ўяўленнем аб яго магчымых практычных выніках; адсюль вызначэнне ісціны як веры, якая выклікае дзеянне, што вядзе да пастаўленай мэты. Яго тэзіс «існаваць — значыць быць карысным» (т.зв. «прынцып 11.») стымуляваў распрацоўку ідэаліст. філасофіі прагматызму У.Джэмсам.

т. 12, с. 383

ПІ́РСАН ((Pearson) Карл) (27.3.1857, Лондан — 17.4.1936),

матэматык і біёлаг, філосаф-пазітывіст, адзін з заснавальнікаў сучаснай статыстыкі. Вучыўся ў Кембрыджы, Гайдэльбергу і Берліне. З 1884 праф. Лонданскага ун-та. Працы ў галіне матэм. тэорыі статыстыкі і яе выкарыстання ў біялогіі (біяметрыя). Асн. філас. праца «Граматыка навукі» (1892) прысвечана пытанням метадалогіі навукі. Задача навукі, паводле П., не тлумачыць, а класіфікаваць і апісваць факты. П. лічыў матэрыяльныя рэчы толькі групамі пачуццёвых успрыманняў, а законы прыроды, прастору і час — прадуктамі чалавечага розуму. Адхіляючы хрысц. мараль як заснаваную на сляпых рэліг. пачуццях, П. меркаваў, што маральныя паводзіны і набліжэнне да маральнага ідэалу магчымы толькі на аснове навук. пазнання і інтэлектуальнага прагрэсу.

т. 12, с. 383

ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),

дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).

т. 12, с. 383

ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 383

ПІРУЭ́Т (ад франц. pirouette),

у танцы поўны кругавы паварот (ці некалькі паваротаў) танцоўшчыка на месцы на адной назе. Асобныя П. могуць аб’ядноўвацца паміж сабою танцавальнымі крокамі (па).

т. 12, с. 383

ПІ́РЫ ((Peary) Роберт Эдвін) (6.5.1856, г. Крэсан, штат Пенсільванія, ЗША — 20.2.1920),

амерыканскі даследчык Арктыкі. Адмірал (1911). У 1892 перасек паўн. купал Грэнландыі з 3 на У на санях з сабачымі запрэжкамі, у 1895 паўтарыў гэты маршрут. У 1900 даследаваў паўн. бераг Грэнландыі, адкрыў мыс Морыс-Джэсеп. У 1909 дасягнуў Паўн. полюса. Яго імем названы паўвостраў на Пн Грэнландыі (Піры Зямля) і праліў на Пн Канадскага архіпелага.

Р.Э.Піры.

т. 12, с. 383

ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,

група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.

Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр. пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 12, с. 384

ПІРЫДЗІ́Н,

гетэраараматычнае злучэнне, C5H5N. П. і яго вытворныя — аснова пашыраных у прыродзе пірыдзінавых алкалоідаў (напр., анабазіну, нікаціну) і многіх біялагічна важных злучэнняў (напр., пірыдаксіну).

Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам tкіп 115,4 °C, шчыльн. 981,9 кг/м3. Змешваецца з вадой і большасцю арган. растваральнікаў. Слабая аснова. З неарг. к-тамі ўтварае ўстойлівыя солі, з галагенідамі металаў, аксідамі серы (SO2, SO3), бромам, вадой — комплексныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна з каменнавугальнай смалы, у якой П. каля 0,08%. Выкарыстоўваюць у сінтэзе лек. сродкаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў (гл. таксама Пікаліны), як растваральнік, у т. л. для многіх неарган. солей. Таксічны; ГДК пары П. ў паветры ̴ 5 мг/м³ Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

ПІРЫМІДЗІ́Н 1,3-дыазін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.

Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл. Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл. Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384