Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРО́БЧАНКА Тамара Яўгенаўна

(н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.Бандарчык, Г.Маркінай, В.Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.

Тв.:

Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;

Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;

Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).

т. 5, с. 67

ГАРО́ДЗЬКІ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна — Ліда. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Валожын, 82 км ад Мінска. 654 ж., 278 двароў (1996). Нафтабаза «Лукойл—Валожын», хлебапрыёмны пункт Маладзечанскага млынкамбіната. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (1886).

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 17 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,9 км², даўж. 2,41 км, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі 8,24 км. Пл. вадазбору 10,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м, на ПнУ да 25 м, пад лесам. Берагі нізкія, на Пн супадаюць са схіламі, да ўрэзу вады расце хмызняк. Пойма шыр. да 100 м, на У і З забалочаная. Мелкаводдзе вузкае, дно пясчанае, глыбей 4 м сапрапелістае. Шыр. паласы расліннасці да 25 м. На З выцякае ручай у воз. Шэвіна.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лучоса, за 10 км на Пд ад г. Віцебск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 4,05 км. Пл. вадазбору 16 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Мелкаводдзе шырокае і спадзістае. Дно пясчанае, глыбей за 2—4 м глеістае.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНА,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,85 км², даўж. 2,04 км, найб. шыр. 690 м, найб. Глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 6,25 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Схілы катлавіны выш. ад 12 да 22 м, пад хмызняком, у верхняй частцы разараныя. Берагі на ПнУ і ПдЗ нізкія. 2 астравы агульнай пл. 0,4 га. Мелкаводдзе вузкае (10—20 м), пясчанае, у цэнтры глеістае дно. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 30 м.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 15 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,28 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 87 км². Схілы катлавіны разараныя, на У узвышаныя, парослыя хмызняком. Злучана ручаямі з азёрамі Сосна і Лезвінка.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНЯ,

адна з назваў г. Гродна ў старажытнасці. Ужывалася таксама ў 1920—30-я г. ў зах.-бел. друку.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНЯ,

гарадня, тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.А.Сергачоў.

т. 5, с. 68

ГАРО́ДНЯ Алесь

(сапр. Функ Аляксандр Эраставіч; 1899, г. Перм, Расія — 12.9.1944),

бел. празаік, крытык. Да бел. культуры далучыўся ў Маскве, куды ў 1917 прыехаў на вучобу. Быў чл. маскоўскай арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады. Працаваў тэхрэдам час. «Чырвоная Беларусь». У 1930 арыштаваны за «контррэв. дзейнасць» і адбываў зняволенне да 1934. У 1942 зноў асуджаны і памёр у зняволенні. Друкавацца пачаў у 1925. Аўтар аповесцей «На крэсах» (1925) і «Варта на Рэйне» (1927—28), апавяданняў, крытычных артыкулаў. Як крытык стаяў на пазіцыях ваяўнічага вульгарнага сацыялагізму.

т. 5, с. 68

ГАРО́НА

(Garonne),

рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл. бас. 56 тыс. км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.

т. 5, с. 68