Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,

міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.

т. 3, с. 116

БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

канферэнцыя кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Гл. Патсдамская канферэнцыя 1945.

т. 3, с. 116

БЕРЛІ́НСКАЯ СЦЯНА́,

сістэма ўмацаванняў і загародаў у 1961—89, якая аддзяляла ўсх. частку Берліна ад зах. (гл. Берлін, Заходні Берлін). Пабудавана паводле рашэння ўлад ГДР, каб стрымліваць уцекачоў з краіны. Берлінская сцяна — бетонны мур даўж. 45,1 км, абнесены калючым дротам, вакол якога выкапаны акопы і ўстаноўлены мінныя прыстасаванні, самастрэлы і інш. Пры шматлікіх спробах пераадолець Берлінскую сцяну загінула каля 80 чал. Дэманціравана ў 1989.

т. 3, с. 116

БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,

міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.

т. 3, с. 116

БЕРЛІ́НСКІ ПА́КТ 1940,

пакт аб ваенным саюзе, падпісаны Германіяй, Італіяй і Японіяй 27 вер. ў Берліне. Прадугледжваў падзел свету паміж саюзнікамі, быў этапам у падрыхтоўцы агрэсіі супраць СССР. Бакі пагадзіліся, каб Германія і Італія ўсталявалі «новы парадак» у Еўропе, Японія — у Азіі, дамовіліся пра ўзаемадапамогу ў паліт., эканам і ваен. галінах. Да Берлінскага пакта далучыліся Іспанія, Тайланд, Фінляндыя, залежныя ад Германіі ўрады Венгрыі, Румыніі, Славакіі, Балгарыі, Югаславіі (27.3.1941 урад Цветкавіча быў скінуты, новы югасл. ўрад адмовіўся зацвердзіць акт пра далучэнне), марыянетачныя ўрады Маньчжоу-Го, Харватыі, створаны Японіяй на тэр. акупіраванага Кітая ўрад Ван Цзін-вэя. Берлінскі пакт страціў значэнне пасля паражэння дзяржаў фаш. блоку ў 2-й сусв. вайне. Гл. таксама «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт».

т. 3, с. 117

БЕРЛІ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Гумбальта, адзін з буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1810 у Берліне па ініцыятыве і паводле канцэпцыі В.Гумбальта як Фрыдрых-Вільгельм ун-т. З 1949 сучасная назва. Працэс адукацыі быў пабудаваны паводле прынцыпу адзінства даследаванняў і навучання. Хутка дасягнуў сусв. значнасці і паўплываў на перабудову інш. універсітэцкіх сістэм. У 19 — пач. 20 ст. быў адзін з вядучых цэнтраў навукі. З ун-там звязана дзейнасць братоў Я. і В.Грым, Ф.Бопа, Г.Гегеля, І.Фіхтэ, Р.Коха, Г.Гельмгольца; у ім працавалі М.Планк, В.Нернст, А.Эйнштэйн і інш. Ф-ты і аддзяленні: філас., юрыд., эканам., пед., тэалагічны, мед., прыродазнаўча-матэм., вет., сельскай гаспадаркі і садоўніцтва, тэорыі і арганізацыі навукі. Пры ун-це працуюць НДІ генетыкі і эксперым. псіхалогіі, абсерваторыя, б-ка і інш.

т. 3, с. 117

БЕРЛІ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР

(Berliner Philarmoniker),

нямецкі сімфанічны аркестр. Засн. ў 1882 у Берліне. Яго папярэднікам быў прафес. аркестр, арганізаваны Б.Більзе (1867, Більзенская капэла). З 1882 па ініцыятыве канцэртнага агенцтва Вольф праводзіліся т.зв. Вял. філарманічныя канцэрты, якія набылі прызнанне і папулярнасць. Сярод дырыжораў: Ф.Вюльнер, І.Іоахім, К.Кліндворт (1882—85), Г.Бюлаў (1887—93), А.Нікіш (1895—1922) і В.Фуртвенглер (да 1945 і ў 1947—54), пад кіраўніцтвам якіх аркестр набыў сусв. вядомасць, Ю.Прувер, Б.Вальтэр, С.Чэлібідаке. З 1955 гал. дырыжор Г.Караян, з 1989 — К.Абада. З аркестрам выступаюць сусветна вядомыя дырыжоры, салісты, хар. Ансамблі.

т. 3, с. 117

БЕРЛІ́Н ЗАХО́ДНІ,

гл. Заходні Берлін.

т. 3, с. 115

Берлусконі Сільвіо

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕ́РМА (польск. berma) у будаўніцтве, гарызантальная пляцоўка (уступ) на адхонах кар’ераў, катлаванаў, земляных і каменных плацін, каналаў і інш. для забеспячэння ўстойлівасці вышэй размешчаных частак збудаванняў. У кар’ерах бываюць транспартныя бермы шыр. да 15 м для злучэння забояў з паверхняй, ахоўныя бермы шыр. да 5 м для аховы бартоў кар’ера ад разбурэння і інш.

т. 3, с. 117