Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,

вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 111

БЕРГО́ЛЬЦ Вольга Фёдараўна

(16.5.1910, С.-Пецярбург — 13.11.1975),

руская пісьменніца. Скончыла Ленінградскі ун-т (1930). Выдала аповесць «Угліч» (1932), зб. «Вершы» (1934), «Кніга песень» (1935), зб. апавяданняў «Ноч у Новым міры» (1935). У час Вял. Айч. вайны перажыла блакаду Ленінграда, гераічнай абароне якога прысвяціла паэмы «Лютаўскі дзённік» і «Ленінградская паэма» (абедзве 1942), «Твой шлях» (1945), зб. «Гаворыць Ленінград» (1946). Аўтар паэмы «Першарасійск» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), паэт. трагедыі «Вернасць» (1954) пра абарону Севастопаля ў 1941—42, аўтабіягр. кнігі лірычнай прозы «Дзённыя зоркі» (1959; аднайм. фільм, 1968), зб. вершаў «Вузел» (1965), п’ес, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1988—90;

Избр. произв. Л., 1983.

т. 3, с. 111

БЕРГСО́Н

(Bergson) Анры (18.10.1859, Парыж — 4.1.1941),

французскі філосаф-ідэаліст, прадстаўнік інтуітывізму і «філасофіі жыцця». З 1900 праф. Калеж дэ Франс, з 1914 чл. Франц. акадэміі. Светапогляд Бергсона сфарміраваўся пад уплывам франц. спірытуалізму. Першаасновай свету лічыў нематэрыяльную «чыстую дзейнасць», матэрыю, час і рух — толькі формамі яе праяўлення. Інтэлектуальным метадам супрацьпастаўляў інтуіцыю як асн. метад спасціжэння ісціннага, канкрэтнага часу («працягласці»). Лічыў «адкрытае грамадства» з яго дынамічнымі мараллю і рэлігіяй неабходнай умовай далейшай эвалюцыі чалавецтва, разгортвання самога жыццёвага працэсу і творчасці. Нобелеўская прэмія 1927.

Тв.:

Écrits et paroles. Т. 1—2. Paris, 1957—59;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. 2 изд. СПб., 1913—14;

Философская интуиция // Новые идеи в философии. 1912. Сб. 1;

Длительность и одновременность: (По поводу теории Эйнштейна). Пб., 1923.

т. 3, с. 111

БЕ́РГСТРЭМ

(Bergstrom) Суне (н. 10.1.1916, Стакгольм),

шведскі біяхімік. Чл. Каралеўскай Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976), АМН СССР (1982), Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук у Бостане. Праф. (1947). Скончыў Каралінскі ін-т у Стакгольме (1943). З 1947 у Лундскім ун-це, з 1958 і ў 1970—77 (рэктар) у Каралінскім ін-це, з 1960 у Базельскім ун-це (Швейцарыя). Навук. працы па хіміі і біяхіміі простагландзінаў, біясінтэзе і абмене жоўцевых кіслот і халестэрыну, біяхіміі гепарыну. Старшыня Савета дырэктараў Нобелеўскага фонду (1975). Нобелеўская прэмія 1982 (разам з Б.Самуэльсанам і Дж.Вейнам).

т. 3, с. 111

БЕРГШТРЫХІ́

(ням. Bergstriche ад Berg гара + Strich рыса),

кароткія рыскі на тапаграфічнай карце, якія праводзяцца перпендыкулярна да гарызанталяў і паказваюць напрамак уніз на схіле.

т. 3, с. 112

Берг Пол

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕ́РДАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Лідскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад Ліды, 126 км ад Гродна. 681 ж., 225 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 3, с. 112

БЕРДЗЕНІШВІ́ЛІ Мераб Ісідаравіч

(н. 1929),

грузінскі скульптар, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1978). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1949—55). Аўтар манум., пластычна выразнага помніка ў гонар 30-годдзя перамогі ў Вял. Айч. вайне (1975, г. Марнеулі), дэкар. скульптуры «Муза» (1971) каля будынка Грузінскай філармоніі, помніка паэту Давіду Гурамішвілі ў Тбілісі (1959—65) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ: Воронина Н. Мераб Бердзенишвили: [Альбом] М., 1981.

т. 3, с. 112

БЕРДЫГА́Н Казімір Іосіфавіч

(21.12.1894, в. Паноры Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.9-1972),

бел. стаматолаг. Д-р мед. н. (1958), праф. (1959). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1926). З 1958 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па лячэнні актынамікозу, вострых запаленняў сківічна-тварнай вобласці і пластычнай хірургіі твару.

Тв.:

Актимикоз лица, челюстей и шеи и современные методы его лечения. Мн., 1955;

Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961.

т. 3, с. 112

БЕ́РДЫЖ,

паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс. гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. Арнаментам.

т. 3, с. 112