Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАГДЭ́СКА

(Bogdesko) Ілья Трафімавіч (20.4.1923, с. Батушаны, Малдова),

малдаўскі графік і жывапісец. Нар. мастак СССР (1963), правадз. чл. АМ СССР (1988). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1945—51). Стварыў серыі ілюстрацый да твораў М.В.Гогаля, А.С.Пушкіна, І.Крангэ, Эразма Ратэрдамскага, да нар. балады «Міярыца», станковую серыю «Мая Радзіма», каліграфічныя кампазіцыі ў розных відах прыкладной графікі.

т. 2, с. 206

БА́ГЕЛЬ Галіна Яўгенаўна

(н. 7.1.1937, г. Клінцы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-фізіятэрапеўт. Д-р мед. н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1962 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1988 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па электрадыягностыцы і электратэрапіі, рэабілітацыі хворых на парэзы і паралічы.

Тв.:

Физиотерапия и курортология нервных болезней. Мн., 1984 (разам з А.М.Гурленем).

т. 2, с. 207

Багель Іван Максімавіч

т. 18, кн. 1, с. 341

БАГЕ́МА

(франц. boheme літар. цыганшчына),

асяроддзе мастацкай інтэлігенцыі (акцёраў, музыкантаў, мастакоў), якое бесклапотным, эксцэнтрычным ладам жыцця выяўляе сваю абыякавасць да агульнапрынятых нормаў. Назва паходзіць ад Багеміі — часткі Чэхіі, якая раней лічылася радзімай цыганоў. З’явы, падобныя да багемы, вядомы з даўніх часоў, аднак назва «багема» ўзнікла ў Францыі ў 19 ст. (першая багемная групоўка, куды ўваходзілі В.Гюго, Т.Гацье і інш., створана каля 1830).

т. 2, с. 207

БАГЕМІ́ЛЕ Карл Вільгельмавіч, архітэктар 1-й пал. 19 ст. Скончыў акадэмію ў Рыме. У 1811—26 Гродзенскі губернскі архітэктар. Распрацаваў праекты павятовых казначэйстваў для Брэста і Кобрына (1820), Ліды (1824). Выканаў фіксацыйныя чарцяжы стараж. пабудоў Гродна.

т. 2, с. 207

БАГЕ́МІЯ

(лац. Bohemia),

1) першапачаткова назва тэр., на якой утварылася Чэхія. Ужывалася ант. гісторыкамі Тацытам, Пталамеем і інш. На пач. 1 ст. край заваяваны герм. плямёнамі маркаманаў. У 6 ст. тут пасяліліся слав. плямёны (продкі чэхаў).

2) У 1526—1918 афіц. назва Чэхіі, якая ўваходзіла ў склад Габсбургскай імперыі.

т. 2, с. 207

БА́ГІ

(англ. buggy),

найпрасцейшая аўтамашына. Складаецца з рамы на чатырох колах, рухавіка, рулявой калонкі і тармазной сістэмы. Збіраецца аматарамі ў аўтаклубах, выкарыстоўваецца для кальцавых гонак на трасах даўж. да 1 км з моцна перасечаным рэльефам.

т. 2, с. 207

БА́ГІНГ

(ад англ. bug клоп, жук, насякомае),

1) падслухоўванне пры дапамозе сучасных электронных прыстасаванняў (т.зв. «клапоў», «жучкоў» і інш.).

2) Выраб падобных мініяцюрных прыстасаванняў, якія патаемна размяшчаюцца для падслухоўвання ў жылых памяшканнях, машынах, адзенні і інш.

т. 2, с. 207

БАГІ́НСКАЯ Святлана Леанідаўна

(н. 9.2.1973, Мінск),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1989). Трохразовая алімп. чэмпіёнка (1988, Сеул, у камандным заліку і апорным скачку; 1992, Барселона, у камандным заліку), сярэбраны і бронзавы прызёр Алімп. гульняў 1988. Чэмпіёнка свету ў мнагабор’і (1989—90) і ў камандным першынстве (1989, 1991), чэмпіёнка Еўропы ў мнагабор’і (1986—87), у практыкаваннях на бервяне (1992), неаднаразовая чэмпіёнка СССР.

т. 2, с. 207

БАГІ́НСКІ Уладзімір Феліксавіч

(н. 2.2.1938, Масква),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1986). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1967 у Ін-це лесу АН Беларусі. Навук. працы па лесаўпарадкаванні, лясной таксацыі, колькаснай экалогіі раслін, арганізацыі лясной гаспадаркі.

Тв.:

Повышение продуктивности лесов. Мн., 1984;

Нормативные материалы для таксации леса Белорусской ССР. М., 1984 (у сааўт.);

Принципы организации и ведения лесного хозяйства на загрязненных радионуклидами территориях // Лес и Чернобыль: Лесные экосистемы после аварии на Чернобыльской АЭС, 1986—1994. Мн., 1994.

т. 2, с. 207