Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРМО́НІЯ ГАЛО́СНЫХ,

гл. ў арт. Сінгарманізм.

т. 5, с. 65

ГАРМО́НЫ

(ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл. Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.

Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.

У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.

В.К.Кухта.

т. 5, с. 65

ГАРМО́Н РО́СТУ,

самататропны гармон, самататрапін, гармон пазваночных, які паскарае рост, удзельнічае ў рэгуляванні абмену бялкоў, вугляводаў і ліпідаў. Выпрацоўваецца ацыдафільнымі клеткамі пярэдняй долі адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды бялок, будова якога відаспецыфічная (у чалавека поліпептыдны ланцуг гармону росту складаецца з 191 амінакіслотнага астатку; малекулярная маса 21 500). Лішак або недахоп гармону росту ў раннім узросце вядзе адпаведна да гігантызму ці карлікавасці. У дарослых яго лішак выклікае акрамегалію.

т. 5, с. 64

ГАРНА́К Анатоль Міхайлавіч

(н. 2.1.1936, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Канд. эканам. н. (1971), праф. (1992). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1959). З 1984 нам. старшыні Дзярж. к-та БССР па прафтэхадукацыі, з 1988 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Даследуе сац.-эканам. праблемы падрыхтоўкі кадраў, арг-цыі навучальна-выхаваўчага працэсу ў сістэме прафтэхадукацыі. Аўтар манаграфіі «Эканамічныя пытанні падрыхтоўкі механізатарскіх кадраў» (1973), падручнікаў «Экскватары» (2-е выд. 1978), «Меліярацыйныя машыны» (1991), «Арганізацыя і тэхналогія меліярацыйных работ» (1992, усе з Я.Я.Шостакам), дапаможнікаў па методыцы навучання ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спец. адукацыі.

т. 5, с. 65

ГАРНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

спуск на лыжах па спец. абсталяваных на горных схілах трасах з дакладным фіксаваннем часу спуску. Уключае спаборніцтвы па слаламе, слаламе-гіганце, скарасным спуску, а таксама двухбор’е (слалам і скарасны спуск) і трохбор’е (усе дысцыпліны). Слалам — спуск па трасе даўж. 450—500 м, з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 60—150 м. Траса размечана варотамі (шыр. 3,5—4 м, адлегласць паміж імі ад 0,7 да 15 м), праз якія павінны праехаць спартсмены. За пропуск варот ці перасячэнне іх адной лыжай слаламіст падлягае дыскваліфікацыі. Скорасць на трасе да 40 км/гадз. Пераможца вызначаецца па суме часу 2 спроб на розных трасах. У слаламе-гіганце даўж. трасы 800—2000 м, перапад вышынь 200—500 м, шыр. варот да 8 м, адлегласць паміж імі 15—20 м. Скорасць праходжання трасы да 65 км/гадз. У мужчын пераможца вызначаецца па суме часу ў 2 спробах на 2 розных трасах, у жанчын 1 спроба. Скарасны спуск па трасе даўж. 2000—4000 м з перападам вышынь 500—1000 м. Шлях лыжніка вызначаецца рэльефам і размешчанымі на трасе варотамі. Скорасць 100 і болей км/гадз.

Першыя правілы гарналыжнага спорту распрацаваны ў 1922 англічанінам А.Лунам. Першыя спаборніцтвы (скарасны спуск) адбыліся ў 1923 у Швейцарыі. З 1930 праводзяцца чэмпіянаты свету па гарналыжным спорце, з 1936 ён у праграме Алімпійскіх гульняў. З 1966 штогод разыгрываецца Кубак свету. Найб. пашыраны гарналыжны спорт у Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, ФРГ, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе і інш. Сярод вядомых майстроў — трохразовыя алімпійскія чэмпіёны Т.Зайлер (Аўстрыя), Ж.К.Кілі (Францыя), уладальнікі Кубка свету І.Стэнмарк (Швецыя), А.Томба (Італія) і інш. З развіццём сусв. індустрыі турызму вельмі папулярным, у т. л. на Беларусі, стаў аматарскі гарналыжны спорт. На Беларусі першыя спаборніцтвы па слаламе праведзены ў 1939, цэнтр падрыхтоўкі бел. гарналыжнікаў — спорткомплекс Раўбічы. Як асобную гарналыжную дысцыпліну вылучаюць фрыстайл.

Г.К.Кісялёў.

т. 5, с. 66

ГАРНАСВЕ́ЧЧА,

Дыбалёўскае возера, у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 17 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,63 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 5,05 км. Пл. вадазбору 13,7 км².

Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад лесам, на ПдУ разараныя. Берагі супадаюць са схіламі. Злучана ручаём з воз. Плацішна, упадае Бортніцкі канал, выцякае ручай у р. Ула.

т. 5, с. 66

ГАРНАСТА́І,

шляхецкі род у ВКЛ уласнага герба [«Вага» змененая; у 1544 або 1554 атрымалі герб «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр»)]. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Раман Івашкавіч (?—1487 ?), першы вядомы з роду Гарнастаяў, намеснік пуціўльскі ў 1476—82, оўруцкі ў 1486. Гарнастай (Астафій; каля 1460—1503), сын Рамана, ключнік кіеўскі ў 1486, намеснік оўруцкі ў 1487—93, загінуў у бітве з татарамі. Іван (?—1558), сын Гарнастая, пісар ВКЛ з 1512, маршалак дворскі ў 1529—42 і надворны з 1542, пасол у Маскве ў 1522, дзяржаўца дарсунішскі ў 1525, падскарбі земскі і староста слонімскі з 1531, дзяржаўца мсцібогаўскі ў 1534, зэльвенскі ў 1535. У 1538—42 выконваў абавязкі ваяводы трокскага, у 1539—51 таксама дзяржаўца біршцянскі, з 1556 — крэўскі. З 1551 ваявода новагародскі. Меў маёнткі ў Брэсцкім, Ваўкавыскім, Мінскім, Аршанскім пав. Анікей (? — да 1565), сын Гарнастая, дваранін гаспадарскі ў 1529, дзяржаўца дубіскі і канеўскі, ключнік віленскі ў 1533, пісар гаспадарскі ў 1536—44, староста чаркаскі і канеўскі да 1547, дзяржаўца любашанскі ў 1546—55, староста гомельскі з 1547 і рэчыцкі з 1555, маршалак дворскі з 1547. Валодаў маёнткамі ў Аршанскім пав. Гермаген (? — 1553), сын Івана, пісар ВКЛ у 1551. Валодаў Сакаловам у Слонімскім пав. Гаўрыла (Габрыэль; 1515?—1588), сын Івана, намеснік камянецкі, ваявода і староста мінскі ў 1566, ваявода брэсцкі ў 1576. Валодаў маёнткамі ў Брэсцкім, Вількамірскім пав., часткай Астрошыц, Талачына, Басеі. Іван (1520?—1566), сын Івана, намеснік дарсунішскі з 1551, уладальнік маёнткаў у Ваўкавыскім, Брэсцкім пав., часткі Друцка і інш. Астафій (1530? — пасля 1586), сын Івана, валодаў маёнткамі ў Трокскім пав. і інш. Геранім (1540? — 1600), сын Гаўрылы. Меў сына Самуэля (?—1618?), падкаморага кіеўскага, на сыне якога Міхаіле (?—1637) скончылася мужчынская лінія роду.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 66

ГАРНАСТА́Й

(Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

т. 5, с. 66

ГАРНЕРЭ́Н

(Garnerin),

сям’я французскіх паветраплавальнікаў і парашутыстаў. Андрэ Жак (31.1.1769, Парыж — 18.8.1823), пілот паветранага шара і парашутыст. Ажыццявіў шэраг паветр. палётаў у Еўропе, у т. л. першыя паветр. палёты ў Расіі (1803, Пецярбург, Масква). Выкарыстаў паветр. шар у ваен. мэтах у час франц. рэв. войнаў (1794). Ажыццявіў першы ў свеце скачок з парашутам з вышыні каля 600 м (1797, Парыж), потым з вышыні 2400 м (1802, Англія). Жан Батыст Аліўе (1775, Парыж — 1846), брат Андрэ Жака, вынаходнік і парашутыст. Удасканаліў парашут брата: паменшыў яго масу і павялічыў грузападымальнасць. Вынайшаў паплаўковы парашут для скачкоў у ваду. Жанна Жэнеўева (1775—1846), жонка Андрэ Жака, першая жанчына паветраплавальніца і парашутыстка.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 66

ГА́РНЕЦ,

1) старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ быў прыняты да карыстання гарней малы (шынковы), роўны 2,8237 л, і гарнец вялікі (цэхавы), у два разы большы (5,6474 л). У 19 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер карысталіся гарнцам, роўным 3,2798 л.

2) Пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці).

т. 5, с. 67