ГАЛУБЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнУ ад г. Масты, 93 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Ражанка. 355 ж., 98 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 473
ГАЛУБЫ́ СВО́ЙСКІЯ,
птушкі сямейства галубоў атр. голубападобных. Паходзяць ад дзікага шызага голуба (Columba livia). Вядома больш за 150 парод галубоў свойскіх, якія падзяляюцца на паштовых, спартыўных, дэкаратыўных і мясных. Паштовыя галубы свойскія (чырвоны паштар, бельгійскія) здольныя пралятаць да 1000 км са скорасцю 100 км/гадз. Раней іх выкарыстоўвалі для сувязі. Спартыўных (мікалаеўскі, нежынскі, курскі і інш.) і дэкаратыўных галубоў свойскіх (дутышы, паўліны, якабіны, турманы, чайкі і інш.) гадуюць аматары дзеля хуткага палёту, прыгожага апярэння, своеасаблівай формы цела і буркавання. Мясных галубоў свойскіх (карно, кінг, рымскія і інш.) у многіх краінах гадуюць на мяса.
Жывая маса мясных галубоў 700—1100 г, самак 600—700 г. Спароўванне з 5-месячнага ўзросту. Наседжваюць яйцы галубка і голуб 18 сутак. Бацькі выкормліваюць птушанят «валлёвым малаком» (малакападобнай кашкай). У 30—40-дзённым узросце выкарыстоўваюцца на мяса.
т. 4, с. 473
ГАЛУ́ЗА Іларыён Рыгоравіч
(7.4.1899, в. Даргейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1977),
савецкі заолаг і паразітолаг. Акад. АН Казахстана (1946). Д-р біял. н., праф. (1943). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1925). З 1937 у Ін-це заалогіі АН Казахстана (у 1951 — 67 дырэктар), у 1946—51 акадэмік-сакратар Аддзялення біял. навук АН Казахстана. Навук. працы па вывучэнні фауны і экалогіі кляшчоў — пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біял. метаду барацьбы з імі. Выявіў прыродныя асяродкі лептаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 4, с. 473
ГАЛУ́ЗА Станіслаў Рыгоравіч
(н. 29.4.1936, г. Магнітагорск, Расія),
вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Харкаўскі ун-т (1959). У 1981—89 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне эканомікі і арганізацыі прамысл. вытв-сці.
Тв.:
Производственные фонды и освоение капитальных вложений в машиностроении. Киев, 1971;
Экономические проблемы управления научно-техническим прогрессом. Киев, 1976 (разам з С.М.Ямпольскім).
т. 4, с. 473
ГАЛУ́Н
(франц. galon),
тоўстая стужка або тасьма шырынёй 5—60 мм з баваўнянай пражы, хім. нітак, шоўку, часта з залатой, сярэбранай ніткай ці мішурой. Выкарыстоўваецца пры вырабе знакаў узнагароды і для аздаблення форменнага адзення.
т. 4, с. 473
ГАЛУ́ПІ
(Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ (18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірньія санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.
Літ.:
Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.
т. 4, с. 473
ГАЛУРГІ́Я
(ад гала... + грэч. ergon справа),
галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.
Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.
На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд. т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.
Літ.:
Галургия: Теория и практика. Л., 1983.
М.І.Вараб’ёў.
т. 4, с. 473
ГАЛУХО́ЎСКІ
(Gołuchowski) Юзаф (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са ставаральнікаў т.зв. нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.
т. 4, с. 474
ГАЛУ́ШКА Васіль Міхайлавіч
(н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.
Тв.:
Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;
Питательность кормов: Справ. пособие. Мн,, 1985 (у сааўт.);
Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).
т. 4, с. 474