ТРАХО́МА (грэч. trachōma ад trachys шурпаты, няроўны),
хранічнае інфекцыйнае запаленне злучальнай тканкі (кан’юнктывы) вачэй у чалавека. Узбуджальнік — унутрыклетачны паразіт з роду хламідый; заражэнне кантактным шляхам.
Прыкметы: кан’юнктыва чырванее, на ёй утвараюцца шэрыя, мутныя зярняты (фалікулы), памяншаецца сакрэцыя слёзнай вадкасці. рагавіца прарастае сасудамі, утвараюцца рубцы. Ускладненні: зварот краёў павекаў, няправільны рост веек (трыхіяз), запаленне рагавіцы з язвамі, бяльмом: адна з прычын слепаты. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 523
ТРАХТЭНБЕ́РГ Навум Яфімавіч (4.1.1910, г. Бахмач Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1977),
бел. архітэктар. Скончыў Адэскі ін-т грамадз. і камунальнага буд-ва (1932). У 1953—56 кіраўнік майстэрні Генплана ў ін-це «Мінскпраект», адначасова ў 1954—76 выкладчык БПІ. Асн. работы (у сааўт.): у Мінску — праект дэталёвай планіроўкі горада (1939), генпланы (1946, карэкціроўкі 1952, 1958; 1965, карэкціроўкі 1969, 1972—73), праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра, праект планіроўкі і забудовы 2-й чаргі Ленінскага праспекта (цяпер Скарыны праспект; 1953, Дзярж. прэмія Беларусі 1968); генпланы Бабруйска (1936, 1939), Магілёва (1939), праект забудовы цэнтр. ч. Віцебска (1950). Гал. архітэктар і аўтар схемы планіроўкі прыгараднай зоны Мінска (1964), праекта планіроўкі зоны адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1968).
Тв.:
Минск: Послевоен. опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
т. 15, с. 523
ТРАЦЕ́ЙСКІ СУД, арбітражны суд,
суд, які выбіраецца па ўзгадненні бакоў для вырашэння імі спрэчак цывільна-прававога і гасп. характару. У залежнасці ад суб’ектаў спрэчных праваадносін адрозніваюць 2 віды Т.с.: суды для вырашэння спрэчак паміж фіз. асобамі і суды для вырашэння спрэчак паміж юрыд. асобамі. У Рэспубліцы Беларусь трацейскі разбор спрэчак рэгулюецца адпаведна нормамі цывільнага працэсуальнага або гасп. працэсуальнага кодэксаў. Т.с. можа вырашаць любыя спрэчкі паміж грамадзянамі, акрамя тых, што вынікаюць з працоўных і сямейных праваадносін. Дагавор аб перадачы спрэчкі на Т.с. заключаецца ў пісьмовай форме, дзе спрэчныя бакі бяруць на сябе абавязацельства выканаць яго рашэнне. Рашэнне Т.с., не выкананае добраахвотна, можа быць прыведзена ў выкананне прымусова праз адпаведныя тэр. суды. Для трацейскага вырашэння спрэчак паміж удзельнікамі знешнеэканам. дзейнасці юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспубліцы Беларусь у 1999 створаны міжнар. арбітражны (трацейскі) суд (гл. Арбітраж міжнародны).
т. 15, с. 523
ТРАЦІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),
сістэма кайназойскай эратэмы, якая адпавядае 1-му перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Тэрмін прапанаваны ў 1759 італьян. геолагам Дж.Ардуіна. Выкарыстоўваецца пераважна ў замежнай л-ры. У айчыннай навуцы з 1959 заменена на самаст. палеагенавую сістэму (перыяд) і неагенавую сістэму (перыяд).
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯ́К Васіль Якаўлевіч (6.12.1926, с. Камароўка Коранеўскага р-на Курскай вобл., Расія — 16.4.1989),
украінскі спявак (драм. тэнар). Нар. арг. СССР (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1958). З 1958 у Малдаўскім, у 1962—88 ва Украінскім т-рах оперы і балета. З 1976 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным голасам шырокага дыяпазону, драм. дараваннем. Яго выкананню былі ўласцівы выдатная дыкцыя, тонкая філіроўка гуку, яскравы тэмперамент. Выконваў партыі ў класічных і сучасных операх: Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Васіль («Мілана» Г.Майбарады), Богун («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Адмірал, Лаўро («Гібель эскадры», «Мамаі» В.Губарэнкі), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Сяргей («Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯ́К Іван Майсеевіч (н. 20.2.1923, с. Малая Папоўка Харольскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
савецкі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сав. Саюза (1945), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Астраханскае стралкова-кулямётнае вучылішча (1941). Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1949) і Генштаба (1959), Вышэйшыя акад. курсы (1970). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах. і 2-м Прыбалт. франтах: камандзір роты, батальёна, палка. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1967—76 камандуючы Беларускай ваеннай акругай, з 1976 — Далёкаўсх. ваен. акругай. У 1987—91 галоўнакаманд. войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС з 1971, чл. ЦК КПСС у 1976—91. Чл. ЦК КПБ у 1971—76, Бюро ЦК КПБ у лют.—жн. 1976. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—89. Аўтар кнігі «Храбрыя сэрцы аднапалчан» (1977).
Б.Дз.Далгатовіч.
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯ́К Станіслаў Іванавіч (7.12.1950, г. Калінінград, Расія),
бел. вучоны ў галіне агульнай хірургіі, транспланталогіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Бел. мед. ун-це (з 1994 заг. кафедры). Навук. працы па хірург. метадах лячэння цукр. дыябету і інш. эндакрынных захворванняў, распрацоўцы метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў печані і жоўцевых шляхоў.
Тв.:
Необычная реакция на чужеродные ткани. Ч. 1—2. Мн., 1992 (у сааўт.);
Комплексная морфометрическая оценка аллотрансплантатов щитовидной железы после пересадки в правое предсердие // Количественная морфология развивающегося организма. Мн., 1998.
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯ́К Уладзіслаў Аляксандравіч (н. 25.4.1952, с. Арудзьева Дзмітраўскага р-на Маск. вобл.),
расійскі спартсмен (хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1971). Скончыў Маск. ін-т фіз. культуры (1976), Ваенна-паліт. акадэмію. У 1968—84 варатар каманды ЦСКА, з 1970 — зборнай каманды СССР. З 1984 на адм. рабоце. З 1992 трэнер Нац. хакейнай лігі, зборнай каманды Расіі. З 2002 узначальвае Фонд Уладзіслава Траццяка. Чэмпіён XI, XII і XIV зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя; 1984, г. Сараева, Югаславія). Чэмпіён свету (1970, 1971, 1973—75, 1978, 1979, 1981—83), сярэбраны (1972, 1976), бронз. (1977) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1970, 1973—75, 1978, 1979, 1981—83), сярэбраны (1971, 1972), бронз. (1976, 1977) прызёр. Чэмпіён СССР (1970—73, 1975, 1977—84).
А.М.Петрыкаў.
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯКО́Ў Віктар Віктаравіч (н. 17.10.1946, г. Краснаярск, Расія),
расійскі скрыпач. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1983 маст. кіраўнік Камернага аркестра Расіі і выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1989 праф.). Для яго ігры характэрны эмацыянальнасць, маштабнасць, віртуознасць. У рэпертуары скрыпічныя творы І.Брамса, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, а таксама канцэрты, санаты, п’есы рас. і замежных кампазітараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1965, Масква), Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (1966, Масква). Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1981.
т. 15, с. 523
ТРАЦЦЯКО́Ў Павел Міхайлавіч (27.12.1832, Масква — 16.12.1898),
рускі прадпрымальнік, мецэнат, маст. дзеяч. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Чл. маскоўскага аддзялення Савета гандлю і мануфактур (1868—89), выбарны Маскоўскага біржавога т-ва (з 1870), Рус. муз. т-ва (1860—98), савета Маскоўскага маст. т-ва (1872—94). З 1854 пачаў збіраць маст. калекцыю, з 1856 творы рус. мастацтва, якія паклалі пачатак заснаванню Траццякоўскай галерэі. У 1892 перадаў свой збор у дар Маскве.
т. 15, с. 523