ТРАЦЦЯКО́Ў Віктар Віктаравіч (н. 17.10.1946, г. Краснаярск, Расія),
расійскі скрыпач. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1983 маст. кіраўнік Камернага аркестра Расіі і выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1989 праф.). Для яго ігры характэрны эмацыянальнасць, маштабнасць, віртуознасць. У рэпертуары скрыпічныя творы І.Брамса, П.Чайкоўскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, а таксама канцэрты, санаты, п’есы рас. і замежных кампазітараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1965, Масква), Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (1966, Масква). Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1981.
т. 15, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)