ГО́МРУЛЬ
(англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),
рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г. — пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.
т. 5, с. 350
«ГОМСЕЛЬМА́Ш»,
вытворчае аб’яднанне па выпуску машын с.-г. прызначэння. Створана ў 1977. Уключае Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання (галаўное прадпрыемства), з-ды ліцця і нармалей, самаходных камбайнаў, спецінструментаў і тэхнал. аснасткі, рамонтна-буд. і мантажнае ўпраўленне, гал. СКБ па комплексе кормаўборачных машын, канструктарска-тэхнал. і эксперым. ін-т па тэхн. пераўзбраенні і падрыхтоўцы вытв-сці (у Гомелі), Светлагорскі з-д машынабудавання для кормапрыгатавання.
т. 5, с. 350
ГО́МСТЭДЫ,
зямельныя надзелы, якія раздаваліся ў ЗША паводле Гомстэд-акта.
т. 5, с. 351
ГО́МСТЭД-АКТ
(ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн. га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
т. 5, с. 350
ГО́НАР,
паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).
В.А.Паўлоўская.
т. 5, с. 351
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
т. 5, с. 351
ГО́НГАРА-І-АРГО́ТЭ
(Góngora y Argote) Луіс дэ (11.7.1561, г. Кордава, Іспанія — 23.5.1627),
іспанскі паэт; адзін з пачынальнікаў еўрап. барока, заснавальнік гангарызму. Вывучаў права ў Саламанкскім ун-це. З 1585 святар, з 1617 ганаровы каралеўскі капелан. Працаваў у жанрах санета, рамана, летрыллі; стварыў наватарскі жанр эпіка-лірычнай філас. паэмы, у якой адсутнічае відавочны сюжэт, а фабула — сродак выяўлення нюансаў пачуцця і тонкіх асацыяцый свядомасці (паэмы «Паліфем і Галатэя», нап. 1612—13; «На самоце», нап. 1613, не скончана). Яго лірыка вядома ў спісах, найб. поўна прадстаўлена ў зб. «Творы ў вершах іспанскага Гамера» (1627). Светаадчуванне паэта адзначана кантрастным спалучэннем трагізму і геданізму, песімізму і духоўнага стаіцызму. Выступіў стваральнікам своеасаблівага «цьмянага стылю» (часткова пад уплывам сярэдневяковай араба-андалузскай традыцыі), заснаванага на пастаяннай замене рэальнага ўяўным, алегарычным, на шматасацыятыўнасці слова, складанай метафарычнасці. Яго творчасць паўплывала на сучасную ісп. і лац.-амер. паэзію (Р.Дарыо, Ф.Гарсія Лорка, П.Нэруда).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1977.
Літ.:
Плавскин З.И. Луис де Гонгора и поэзия XVII в. // Плавскин З.И. Испанская литература XVII середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Т.В.Сініла.
т. 5, с. 351
ГО́НІ,
гон, старажытная нар. мера (адзінка) даўжыні. Лічыліся роўнымі адлегласці, пройдзенай запрэжаным у саху канём, або даўжыні поля, апрацаванага (узаранага ці скошанага) за адзін прыём. Мелі ўмоўнае, не заўсёды аднолькавае лікавае значэнне, залежнае ад фіз. магчымасцей чалавека і жывёлы. Раўняліся прыблізна 80—100 м і болей.
т. 5, с. 351
...ГОНІЯ (ад грэч. gonē, goneia зараджэнне, нараджэнне), другая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да нараджэння, паходжання, напр., гетэрагонія, касмагонія.
т. 5, с. 351