ГО́МСТЭД-АКТ
(ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн. га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)