Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́ЖА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).

Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.

Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.

т. 5, с. 321

ГО́ЖА,

радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 321

ГО́ЖАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Województwo Gorzowskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км, нас. 507 тыс. чал., гарадскога каля 62% (1991). Адм. ц.г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Костшын, Хошчна, Дэмбна, Барлінэк і інш. Размешчана на зах. ч. Гожаўскай катлавіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Велікалольскае Паазер’е. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 650 мм за год. Гл. рака — Варта (прыток Одры). 44,1% паверхні займаюць лясы. Прам-сць: дрэваапр., папяровая, хім., электратэхн. лёгкая. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, бульбу, кармавыя і тэхн. культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней.

т. 5, с. 321

ГО́ЖАЎСКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Гродзенскага р-на. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для захавання месцаў росту дзікарослых лекавых раслін. Пл. 4,9 тыс. га (1996). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі (імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя, лішайнікавыя і інш.), трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Асн. лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, ландыш майскі, чабор, крапіва двухдомная, цмен пясчаны.

т. 5, с. 321

ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ

(Gorzów Wielkopolski),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сць сінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).

Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам І як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.

т. 5, с. 321