ГО́САРТ
(Gossaert) Ян (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),
нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.Карандэле, 1517).
т. 5, с. 369
ГОСЦЬ,
буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.
т. 5, с. 369