ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).
т. 5, с. 320
ГО́ДАРД
(Goddard) Роберт (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн. ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).
Літ.:
Бубнов И.Н. Роберт Годдард, 1882—1945. М., 1978.
т. 5, с. 320
ГО́ДВІН-О́СТЭН,
адна з назваў вяршыні ў Каракаруме; гл. Чагары.
т. 5, с. 320
ГО́ДНАСЦЬ,
паняцце, якое раскрывае ўяўленне аб маральнай каштоўнасці чалавека, адлюстроўвае яго паважлівыя адносіны да самога сябе як асобы, а таксама адносіны грамадства да чалавека, у аснове якіх ляжыць прызнанне самакаштоўнасці асобы. Годнасць напаўняе пэўным асобасным сэнсам пазнавальныя функцыі, матывацыю і паводзіны чалавека. Пачуццё ўласнай годнасці — важны кампанент працэсу развіцця чалавечай духоўнасці, побач з сумленнем і гонарам — адзін са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. Для розных гіст. эпох уласцівы свае ўяўленні аб чалавечай годнасці, якія адлюстроўваюць спецыфічныя сац.-культ. характарыстыкі. Бел. грамадства, якое выбрала дэмакр. шлях развіцця, прызнае годнасць асобы як асн. маральна-прававую каштоўнасць. Рэалізацыя правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдасканальвання і ўзвышэння асабістай годнасці грамадзян.
В.А.Паўлоўская.
т. 5, с. 320
ГО́ДНЕЎ Ціхан Мікалаевіч
(5.4.1893, г. Задонск, Расія — 29.10.1982),
бел. фізіёлаг раслін, заснавальнік навук. школы па біясінтэзе хларафілу. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р біял. н. (1935), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916) і працаваў у ім. З 1919 у Астраханскім ун-це, Іванава-Вазнясенскім політэхн. ін-це. З 1927 у БСГА, з 1935 у БДУ. У 1945—73 у Ін-це эксперым. батанікі і Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па біяхіміі раслінных пігментаў. Прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце, ператварыў протахларафіл у цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе. Прэмія імя Ціміразева АН СССР 1967.
т. 5, с. 320