ГО́ЦАЛІ
(Gozzoli) Беноца (сапр. ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo А. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
т. 5, с. 374
ГОЦК,
вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 62 км на ПдЗ ад Салігорска, 195 км ад Мінска, 62 км ад чыг. ст. Слуцк. 2335 ж., 618 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай.
т. 5, с. 374
ГО́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са старажытных германскіх моў (усх.-германская падгрупа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках 4 ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найб. значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах 5—6 ст. Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэч. і лац. алфавітах, а таксама на рунічным пісьме. Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгрывае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў. Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі. У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А.Г.Бусбекам у 16 ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.
Літ.:
Гухман М.М. Готский язык. М., 1958.
т. 5, с. 374
ГО́ЦКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Салігорскім р-не Мінскай і Лунінецкім р-не Брэсцкай абласцей. Левы прыток Галоўнага канала (бас. р. Прыпяць). Даўж. 32 км. Пачынаецца каля в. Гаўрыльчыцы Салігорскага р-на, вусце за 11,8 км на ПнУ ад в. Чырвоная Воля.
т. 5, с. 375
ГО́ЦЫ
(Gozzi) Карла (13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),
італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.
Тв.:
Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.
С.В.Логіш.
т. 5, с. 375