ГО́ВАР Генадзь Антонавіч
(н. 13.4.1938, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1944). Скончыў Карагандзінскі політэхн. ін-т (1960). З 1966 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па структурных і магн. фазавых пераўтварэннях у цвёрдым целе, распрацоўцы новых магн. матэрыялаў.
Тв.:
Исследование статики и динамики решетки при фазовых переходах в сплавах MnAs1-xPx // Системы особых температурных точек твердых тел. М., 1986.
т. 5, с. 318
ГО́ВАРАВА Любоў Анатолеўна
(н. 30.4.1954, с. Брухава Калужскай вобл., Расія),
бел. спартсменка (скарасное падводнае плаванне). Майстар спорту міжнар. класа (1975). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіёнка свету ў камандным і бронзавы прызёр у асабістым пяршынствах (1976). Рэкардсменка свету ў эстафеце 4×100, 4×200 м (1976).
т. 5, с. 318
ГО́ВАРАЎ Леанід Аляксандравіч
(22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз. чл. Акадэміі артыл. навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.—сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).
т. 5, с. 318
ГО́ВАРД-ПЛАН
(Howard Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.
т. 5, с. 318
ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА Уладзімір Міхайлавіч
(21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл. драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).
т. 5, с. 318