ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ

(Gorzów Wielkopolski),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сць сінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).

Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам І як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)