ГО́НГАРА-І-АРГО́ТЭ
(Góngora y Argote) Луіс дэ (11.7.1561, г. Кордава, Іспанія — 23.5.1627),
іспанскі паэт; адзін з пачынальнікаў еўрап. барока, заснавальнік гангарызму. Вывучаў права ў Саламанкскім ун-це. З 1585 святар, з 1617 ганаровы каралеўскі капелан. Працаваў у жанрах санета, рамана, летрыллі; стварыў наватарскі жанр эпіка-лірычнай філас. паэмы, у якой адсутнічае відавочны сюжэт, а фабула — сродак выяўлення нюансаў пачуцця і тонкіх асацыяцый свядомасці (паэмы «Паліфем і Галатэя», нап. 1612—13; «На самоце», нап. 1613, не скончана). Яго лірыка вядома ў спісах, найб. поўна прадстаўлена ў зб. «Творы ў вершах іспанскага Гамера» (1627). Светаадчуванне паэта адзначана кантрастным спалучэннем трагізму і геданізму, песімізму і духоўнага стаіцызму. Выступіў стваральнікам своеасаблівага «цьмянага стылю» (часткова пад уплывам сярэдневяковай араба-андалузскай традыцыі), заснаванага на пастаяннай замене рэальнага ўяўным, алегарычным, на шматасацыятыўнасці слова, складанай метафарычнасці. Яго творчасць паўплывала на сучасную ісп. і лац.-амер. паэзію (Р.Дарыо, Ф.Гарсія Лорка, П.Нэруда).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1977.
Літ.:
Плавскин З.И. Луис де Гонгора и поэзия XVII в. // Плавскин З.И. Испанская литература XVII середины XIX в. М., 1978;
Штейн А.Л. Литература испанского барокко. М., 1983.
Т.В.Сініла.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)