ГО́МРУЛЬ

(англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),

рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г.пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)