ГО́НАР,

паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).

В.А.Паўлоўская.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)