БЕЛУ́ДЖЫ
(саманазва балуч),
народ у Пакістане (3,3 млн. чал.) і Іране (больш за 1 млн. чал., 1987). Жывуць таксама ў Афганістане, Туркменіі і Таджыкістане (19 тыс. чал., 1979) і араб. краінах. Гавораць на белуджскай мове. Паводле рэлігіі мусульмане-суніты.
т. 3, с. 81
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст. тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв. Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
т. 3, с. 81
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
правінцыя на ПдЗ Пакістана. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам, на Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 347,2 тыс. км², нас. 4,9 млн. чал. (1985), у асноўным белуджы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр, трансп. вузел — г. Квета. Паверхня пераважна горная і пласкагорная. Большую ч. паверхні займаюць хрыбты Макрана (Макранскі Берагавы хр., Цэнтр. Макранскі хр. і інш.). На Пн Сулейманавыя горы. Паміж хрыбтамі ўчасткі пласкагор’яў. Клімат субтрапічны. Ападкаў 100—250 мм за год. Пераважае расліннасць горных пустыняў і паўпустыняў. Насельніцтва занята качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, вярблюды, коні). У аазісах і далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бавоўнік, фінікавую пальму. На ўзбярэжжы рыбалоўства. Здабыча прыроднага газу, бурага вугалю, рудаў жалеза і хрому, серы, кухоннай солі. Транспарт уючны і аўтамаб., на Пн чыгуначны.
т. 3, с. 81
БЕ́ЛУШ Міхаіл Андрэевіч
(1924, в. Руда Ліпічанская Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1944),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З мая 1943 радавы атрада «Кастрычнік» партыз. брыгады Першамайскай Баранавіцкай вобл., падарваў 8 варожых эшалонаў. У час бою пры разгроме фаш. гарнізона ў в. Купіск Навагрудскага р-на закрыў сваім целам станковы кулямёт. На радзіме, у в. Купіск і на месцы гібелі яму пастаўлены помнікі.
т. 3, с. 82
БЕ́ЛУ-АРЫЗО́НТЫ
(Belo Horizonte),
горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Мінас-Жэрайс. Засн. ў 1892. 2,3 млн. ж. (1989), з прыгарадамі 3,7 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр буйнога горнапрамысл. раёна (здабыча жал. і марганцавых рудаў, золата). Чорная металургія, хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць. Федэральны і каталіцкі ун-ты, ун-т мастацтваў штата Мінас-Жэрайс. Гіст. музей. Каля Белу-Арызонты спартыўны і турыст. гарадок Пампулья.
т. 3, с. 81
БЕЛФАКСВЫДАТГРУ́П,
недзяржаўнае выдавецтва. Засн. ў 1990 у Мінску. Выдавала календары-альбомы, тэматычныя календары, маст., мед., тэхн. л-ру. З 1993 у супрацоўніцтве з выд-вамі Еўропы і Амерыкі выдае замежную л-ру для дзяцей у перакладзе на рус. мову (у т. л. серыі «Энцыклапедыя залатых казак», «Міфалогія», «Свет жывёл», «Як стаць дарослым» і інш.).
т. 3, с. 82
БЕ́ЛФАСТ
(Belfast),
горад, адм. ц. Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія). 297 тыс. ж. (1989). Порт на беразе зал. Белфаст-Лох, вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. 2 аэрапорты. Буйны цэнтр суднабудавання. Развіты таксама самалёта- і машынабудаванне, эл.-тэхн., прыладабуд., тэкст. (пераважна льняная), хім., мэблевая, харч., швейная, абутковая прам-сць. Ун-т (з 1845). Арх. помнікі 19—20 ст. (сабор, будынкі музея, парламента і інш.). Музей, маст. галерэя.
Вядомы з 1117 як умацаваны замак нарманаў, неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У 1613 атрымаў гар. правы. У канцы 17 ст. праз р. Лаган пракладзены мост, які садзейнічаў развіццю горада, у сярэдзіне 19 ст. здадзены ў эксплуатацыю суднабуд. верфі. Пасля расколу Ірландыі ў 1921 адзін з цэнтраў нац вызв. барацьбы ў Паўн. Ірландыі. З 1969 месца крывавых сутычак і тэрарыстычных актаў паміж ірл. католікамі і англ. пратэстантамі.
т. 3, с. 82
«БЕЛЧЫГУНПРАЕ́КТ»,
Прадпрыемства па праектаванні аб’ектаў чыгуначнага транспарту «Белчыгунпраект» Беларускай чыгункі. Засн. ў 1974 як Мінскі праектна-вышукальны ін-т «Галоўчыгпраект». У 1978—93 Мінскі філіял дзярж. праектна-вышукальнага ін-та па электрыфікацыі чыгунак і энергет. установак. Асн. кірунак дзейнасці: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі аб’ектаў чыг. транспарту, якія забяспечваюць павелічэнне правазной і прапускной здольнасці чыгункі і павышэнне бяспекі руху паяздоў, а таксама аб’ектаў жыл. і культ.-прызначэння.
т. 3, с. 82
БЕ́ЛЫ Аляксей Уладзіміравіч
(н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.В.Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.М.Макушком, І.Л.Побалем);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.Дз.Карпенкам, М.К.Мышкіным).
т. 3, с. 82