Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАШЫ́НСКАЯ-ГЕ́ЛЬТМАН ((Moszyńska-Heltmanowa) Ядвіга Уладзіславаўна) (16.7.1886, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1946),

польская паэтэса-перакладчыца, педагог. Вучылася ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1904—07). З 1917 у Мінску, у 1924—31 выкладала ў польск. пед. тэхнікуме, Камуніст. ун-це Беларусі імя Леніна. У 1932—37 у Ваен. акадэміі імя Фрунзе ў Маскве. Аўтар падручнікаў для польск. школ на Беларусі «Першая кніжка для чытання» і «Другая частка лемантара» (абодва 1926), «Другая кніжка для чытання» (1928). Пераклала на польск. мову «Выбраныя апавяданні» Ц.Гартнага (1929), аповесць З.Бядулі «Салавей» (1931), «Выбраныя вершы» А.Александровіча (1932), паэму Я.Купалы «Над ракой Арэсай» (1935), аповесць Я.Коласа «Дрыгва» (1936) і інш.

т. 10, с. 239

МАШЫ́НСКІ (Анатоль Васілевіч) (20.9.1937, г. Мярэфа Харкаўскай вобл., Украіна — 15.3.1996),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі і электронікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1993). Скончыў Харкаўскі дзярж. ун-т (1963). З 1964 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі дыфракцыі, прыкладной эл.-дынаміцы, матэм. мадэліраванні прылад ЗВЧ.

Тв.:

Моделирование на ППЭВМ характеристик полупроводниковых диодов, биполярных и полевых транзисторов в интегрированной среде MATHCAD. Мн., 1993 (разам з У.І.Драгамірэцкім).

Г.В.Рымскі.

т. 10, с. 240

МАШЫ́НСКІ ((Moszyński) Казімеж) (5.3.1887, Варшава — 30.3.1959),

польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.М.Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).

Тв.:

Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.

Літ.:

Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.

Г.І.Цітовіч.

т. 10, с. 240

МАШЭ́КА,

герой бел. нар. падання; змагар супраць сац. несправядлівасці, высакародны разбойнік. Паводле падання, каля магілы М. ўзнік г. Магілёў. Фалькл. сюжэт пра М. творча выкарыстаў у рамант. стылі Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Да вобраза М. звярталіся Е.Міровіч, В.Вольскі (п’есы «Машэка»), У.Караткевіч (балада «Машэка»). Паводле паэмы Я.Купалы і п’есы Міровіча Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».

т. 10, с. 240

МАШЭ́Л ((Machel) Самора) (29.9.1933, Кілембене, Мазамбік — 19.10.1986),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мазамбіка. Меў пачатковую мед. адукацыю. З 1963 у Танзаніі, дзе далучыўся да Фронту вызвалення Мазамбіка (ФРЭЛІМО). З 1966 камандуючы ўзбр. сіламі, з 1970 старшыня ФРЭЛІМО. З 1975 прэзідэнт і кіраўнік урада Нар. Рэспублікі Мазамбік. Пэўны час быў прыхільнікам сацыяліст. арыентацыі краіны. Загінуў у авіякатастрофе.

т. 10, с. 240

МАШЭ́НСКІ (Уладзімір Анатолевіч) (н. 21.8.1941, Масква),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965). У 1971—89 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго стыль вызначалі імкненне да духоўнай паглыбленасці і класічнай завершанасці, стылістычна дакладнага, дэталізаванага аднаўлення аўтарскага тэксту, знешняя стрыманасць, перавага інтэлектуальнага пачатку. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены творы бел. кампазітараў: оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980), балеты «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (2-я рэд., 1978), муз. класікі і сучасных аўтараў — оперы «Дон Жуан» (1973), «Вяселле Фігара» (1980) і «Чароўная флейта» (1987) В.А.Моцарта, «Лаэнгрын» Р.Вагнера (1977, з Т.Каламійцавай), «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1981), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1983), балеты «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына, «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера, «Балеро» на муз. М.Равеля (усе 1971), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976). Выступаў як сімф. дырыжор, у т. л. з С.Рыхтэрам. З 1989 ва ўстановах Бел. экзархата: у духоўным вучылішчы (у 1994—98 дырэктар), Епархіяльным упраўленні, час. «Минские епархиальные ведомости». З 1990 дыякан, з 1992 манах, з 1995 іераманах, з 1996 свяшчэннік Мінскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы.

І.В.Глушакоў.

т. 10, с. 240

МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТ у Мінску.

Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча з Мінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўн.-ўсх. боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.Шатэрнік, Л.Давідзенка, Ю.Палякоў, В.Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.Баткоўскі, Ю.Градаў, Л.Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.Шпігельман, В.Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.Афанасьеў, у сааўт.).

А.А.Воінаў.

Панарама Машэрава праспекта.

т. 10, с. 240

МАШЭ́РАЎ (Пётр Міронавіч) (26.2.1918, в. Шыркі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.10.1980),

партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1939). У 1939—41 выкладчык фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў жн. 1941 стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 камандзір партыз. атрада імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім р-нах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латв. ССР. З сак. 1943 камісар партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Віцебскай вобл. З вер. 1943 1-ы сакратар Вілейскага падп. абкома ЛКСМБ. З ліп. 1944 1-ы сакратар Маладзечанскага абкома ЛКСМБ, з ліп. 1946 сакратар, з кастр. 1947 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З ліп. 1954 2-і сакратар Мінскага, са жн. 1955 1-ы сакратар Брэсцкага абкомаў КПБ. З крас. 1959 сакратар, са снеж. 1962 2-і сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ з 1949; канд. у чл. Бюро ЦК з лют. 1949 да студз. 1956, чл. Бюро ЦК КЛБ з крас. 1959 да снеж. 1962 і з чэрв. 1966, чл. Прэзідыума ЦК КПБ са снеж. 1962 да чэрв. 1966. Канд. у члены ЦК КПСС з 1961, чл. ЦК КПСС з 1964.

Канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС з крас. 1966. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55 і з 1959, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55 і з 1966. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—62 і з 1966, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1966. У перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР. Загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Віцебску ўстаноўлены помнік М. Яго імем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі і інш. нас. пунктах Беларусі.

Тв.:

Советская Белоруссия. М., 1980;

Избр. речи и статьи. Мн., 1982.

Літ.:

Якутов В.Д. Петр Машеров: Худож-док. повесть. Мн., 1992;

Антонович С.В. Петр Машеров: Жизнь, судьба, память...: Док. повесть. Мн., 1998.

Ю.П.Смірноў.

П.М.Машэраў.

т. 10, с. 240

МАШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Альфрэдавіч) (н. 25.4.1940, г. Смаленск, Расія),

бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1995), праф. (1999). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1963, Украіна). З 1968 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1977 вучоны сакратар, з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па арганізацыі проціракавай барацьбы, дыягностыцы злаякасных новаўтварэнняў, камбінаваных і комплексных метадах лячэння злаякасных пухлін.

Тв.:

Усиление эффекта лучевой терапии злокачественных опухолей с помощью СВЧ-гипертермических воздействий (у сааўт.) // Вопр. онкологии. 1978. Т. 24, № 8;

Гормонально-метаболические сдвиги у онкологических больных при общей гипертермии и пути их коррекции (у сааўт.) // Инженернофиз. журн. 1996. Т. 69, № 3.

т. 10, с. 241

МАЭБА́СІ,

горад у Японіі, у цэнтр. ч. в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Гума. Каля 300 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел на трасе суперэкспрэса Шынкансен. Цэнтр шаўкаводчага раёна і шаўковай прам-сці. Прам-сць: электра-, с.-г. і трансп. машынабудаванне, фармацэўтычная. Ун-т. Турыстычны цэнтр.

т. 10, с. 241