МАШЫ́НСКІ ((Moszyński) Казімеж) (5.3.1887, Варшава — 30.3.1959),
польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.М.Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).
Тв.:
Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.
Літ.:
Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.
Г.І.Цітовіч.
т. 10, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)