МАШЫ́НСКАЯ-ГЕ́ЛЬТМАН ((Moszyńska-Heltmanowa) Ядвіга Уладзіславаўна) (16.7.1886, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 7.5.1946),

польская паэтэса-перакладчыца, педагог. Вучылася ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1904—07). З 1917 у Мінску, у 1924—31 выкладала ў польск. пед. тэхнікуме, Камуніст. ун-це Беларусі імя Леніна. У 1932—37 у Ваен. акадэміі імя Фрунзе ў Маскве. Аўтар падручнікаў для польск. школ на Беларусі «Першая кніжка для чытання» і «Другая частка лемантара» (абодва 1926), «Другая кніжка для чытання» (1928). Пераклала на польск. мову «Выбраныя апавяданні» Ц.​Гартнага (1929), аповесць З.​Бядулі «Салавей» (1931), «Выбраныя вершы» А.​Александровіча (1932), паэму Я.​Купалы «Над ракой Арэсай» (1935), аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1936) і інш.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)