МАШЭ́НСКІ (Уладзімір Анатолевіч) (н. 21.8.1941, Масква),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965). У 1971—89 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго стыль вызначалі імкненне да духоўнай паглыбленасці і класічнай завершанасці, стылістычна дакладнага, дэталізаванага аднаўлення аўтарскага тэксту, знешняя стрыманасць, перавага інтэлектуальнага пачатку. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены творы бел. кампазітараў: оперы «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера (1980), балеты «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (2-я рэд., 1978), муз. класікі і сучасных аўтараў — оперы «Дон Жуан» (1973), «Вяселле Фігара» (1980) і «Чароўная флейта» (1987) В.​А.​Моцарта, «Лаэнгрын» Р.​Вагнера (1977, з Т.​Каламійцавай), «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава (1981), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1983), балеты «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.​Шчадрына, «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.​Вагнера, «Балеро» на муз. М.​Равеля (усе 1971), «Раймонда» А.​Глазунова (1972), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976). Выступаў як сімф. дырыжор, у т. л. з С.Рыхтэрам. З 1989 ва ўстановах Бел. экзархата: у духоўным вучылішчы (у 1994—98 дырэктар), Епархіяльным упраўленні, час. «Минские епархиальные ведомости». З 1990 дыякан, з 1992 манах, з 1995 іераманах, з 1996 свяшчэннік Мінскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы.

І.​В.​Глушакоў.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)