Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІ́НДХАЛЬМ ((Lindholm) Берыт Марыя) (н. 18.10.1934, Стакгольм),

шведская спявачка (драм. сапрана). Скончыла оперна-драм. школу ў Стакгольме (1963). З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Адна з лепшых сучасных выканальніц сапранавых партый у операх Р.​Вагнера: Брунгільда, Ізольда, Лізавета і Венера, Эльза («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Тангейзер», «Лаэнгрын»). Сярод інш. партый: Аіда, Амелія («Аіда», «Бальмаскарад» Дж.​Вердзі), Леанора («Фідэліо» Л. Бетховена), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Электра («Электра» Р.​Штрауса), Касандра («Траянцы» Г.​Берліёза).

т. 9, с. 265

ЛІ́НДЭ ((Linde) Карл Паўль Готфрыд фон) (11.6.1842, г. Турнаў, Германія — 16.11.1934),

нямецкі фізік і інжынер, адзін з заснавальнікаў вытв-сці халадзільнай тэхнікі. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. У 1868—78 і 1892—1910 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Мюнхене. На падставе выкарыстання Джоўля—Томсана эфекту сканструяваў і пабудаваў першую прамысл. ўстаноўку для атрымання вадкага паветра (1895) і рэктыфікацыйны апарат для раздзялення паветра на кампаненты (1902).

т. 9, с. 265

ЛІ́НДЭ ((Linde) Самуэль Багуміл) (24.4. 1771, г. Торунь, Польшча — 18.8.1847),

польскі лексікограф. Чл. многіх замежных акадэмій. З 1791 выкладчык польскай мовы ў Лейпцыгскім ун-це, з 1804 дырэктар Варшаўскага ліцэя. У перыяд Варшаўскага княства чл. Палаты грамадскай адукацыі, кіраўнік Дырэкцыі нар. адукацыі. Адзін з арганізатараў і дырэктар публічнай б-кі пры Варшаўскім ун-це. Чл. Варшаўскага т-ва сяброў навук, многіх навук. т-ваў. Гал. праца Л. — «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—6, 1807—14). Аўтар працы «Пра статут літоўскі...» (1816). Даследаваў стараж. прускую мову.

Літ.:

Michalski J. Spór o koncepcję «Słownika» Lindego // Studia i materiały z dziejów nauki polskiej. Warszawa, 1954. T. 2.

т. 9, с. 265

ЛІ́НДЭР (Linder) Макс [сапр. Лёўель (Leuvielle) Габрыэль Максіміліян; 16.12.1883, Сен-Лубес, Францыя — 30.10.1925], французскі акцёр-комік. Вучыўся ў кансерваторыі ў Бардо. Выступаў у т-рах «Амбігю камік» і «Вар’етэ» ў Парыжы. З 1905 здымаўся ў кіно, з 1912 пастаноўшчык фільмаў. Творчасць Л. вызначыла пераход ад элементарнага камічнага дзеяння да стварэння камед. характэрнасці, быт. дакладнасці, тонкай іроніі. Лепшыя ролі ў фільмах «Макс і хінін», «Макс-тарэадор», «Чэмпіён па боксе», «Макс жэніцца», «Макс-гіпнатызёр» і інш. Скончыў самагубствам. У 1963 яго дачка выпусціла фільм «У кампаніі Макса Ліндэра», у які ўключаны лепшыя работы акцёра.

Літ.:

Трауберг Л. Мир наизнанку. М., 1984.

т. 9, с. 265

ЛІ́НЕ ((Line) Велта) (н. 28.8.1923),

латышская актрыса. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1973). Вучылася ў драм. студыях Нар. т-ра і Т-ра драмы ў Рызе. З 1945 актрыса Латв. т-ра драмы імя Упіта. Лепшыя ролі: Кайва («Гліна і фарфор» А.​Грыгуліса), Зента, Жанна д’Арк, Ліена («Сын рыбака», «Жанна д’Арк»; «Зямля зялёная» А.​Упіта), Дэздэмона, Афелія («Атэла», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» паводле А.​Дзюма-сына), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава), Таня («Таня» А.​Арбузава) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

т. 9, с. 265

ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.​Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 265

ЛІНЕ́ВІЧ (Яраслаў Львовіч) (н. 16.1.1932, в. Беліца Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1982). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у Віцебскім абл. філіяле ін-та «Белдзяржпраект», ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», Гал. арх.-планіровачным упраўленні Мінскага гарвыканкома, БелНДІП горадабудаўніцтва (у 1985—88 гал. архітэктар), Дзяржбудзе БССР. З 1989 нач. Галоўмінскархітэктуры, гал. архітэктар Мінска, у 1994—98 гал. архітэктар ін-та «Мінскпраект». Асн. работы: генплан Брэста (1965), праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў у Віцебску, Гродне, Магілёве, Наваполацку і інш. (1960—71), дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра водна-зялёнага дыяметра (1971), генплана і прыгараднай зоны Мінска да 2000 г. (1982), яго карэктуры да 2010 г. (1996); бел. кварталы раёна Чыланзар у Ташкенце (1966) і ў г. Кіравакан (Арменія, 1986; усе ў аўтарскім калектыве).

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед. АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг. Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед. АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.

К.Ліней.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙКА,

1) інструмент для правядзення прамых ліній на плоскасці і выканання некаторых вымярэнняў. Чарцёжная Л. для правядзення паралельных ліній наз. рэйсшынай (бывае Т-падобная і механізаваная, з сістэмай ролікаў і нітак), для правядзення крывых ліній — лякала (гл. таксама Чарцёжна-канструктарская тэхніка).

2) Л. праверачная — стальная або чыгунная, для праверкі прамалінейнасці паверхняў дэталей станкоў, машын і інш. Даўж. да 4 м.

3) Лічыльны інструмент для інж. вылічэнняў — лагарыфмічная лінейка.

4) Шматмесны адкрыты конны экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім пасажыры сядзяць бокам да напрамку руху; гар. транспарт у 19 ст. ў Расіі.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙНАЕ ВЫМЯРЭ́ННЕ,

вымярэнне даўжыні, плошчы, аб’ёму. Робіцца лінейкамі, штангенінструментамі, мернымі стужкамі, у т. л. рулеткамі вымяральнымі і інш.

т. 9, с. 266