Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),

1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.

2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв. венг. пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.

3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.

Літ.:

Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.

т. 4, с. 438

ГАЙДУКО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (2.12.1874, г. Гусь-Хрустальны, Расія — 29.11.1928),

батанік, пачынальнік альгалагічных даследаванняў на Беларусі. Д-р батанікі (1912). Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Кіева, Масквы, Іванава-Вазнясенска. Працаваў у Петраградскім бат. садзе, а таксама на заводах К.​Цэйса (г. Йена, Германія, 1905—10). З 1924 у БДУ. Навук. працы па фізіялогіі і экалогіі прэснаводных водарасцей, насеннязнаўстве. Упершыню скарыстаў ультрамікраскоп пры вывучэнні будовы раслінных абалонак і пратаплазмы. Адзін з першых паказаў значэнне канвергенцыі пры філагенезе.

Літ.:

Русские ботаники. Т. 2. М., 1947.

т. 4, с. 438

ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,

у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн. м³, перспектыўныя 50,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.

т. 4, с. 438

Гайдук Васіль Емяльянавіч

т. 18, кн. 1, с. 367

ГАЙДУ́ЛІС (Алена Андрэеўна) (н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.​Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.​К.​Талстога і П.​Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.​Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі).

т. 4, с. 438

ГАЙДУЧО́НАК (Любоў Георгіеўна) (1921, в. Берлеж Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 22.5.1943),

адзін з арганізатараў камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны вучылася ў Мінскім пед. ін-це. Працавала настаўніцай. З ліп. 1942 упаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Мінскім р-не, з вер. чл. Мінскіх падп. міжрайкома і райкома ЛКСМБ. 22.5.1943 з групай партызан трапіла ў засаду ў в. Плябанцы Мінскага р-на, была паранена, загінула, прыкрываючы адыход таварышаў. У г. Мар’іна Горка Мінскай вобл. ёй пастаўлены помнік.

т. 4, с. 438

ГАЙДУ́ЧЫК (Сяргей Міронавіч) (20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж. пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.

Е.​В.​Зарэцкая.

т. 4, с. 438

ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ, Гейдэльберг (Heidelberg),

горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сць паліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш. арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв. гейдэльбергскага чалавека. Турызм.

Узнік на месцы стараж. рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.

т. 4, с. 438

ГАЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Рупрэхта-Карла, Гейдэльбергскі універсітэт,

старэйшы універсітэт Германіі. Засн. ў 1386 у г. Гайдэльберг курфюрстам Рупрэхтам I у складзе 4 традыцыйных для сярэднявечча ф-таў (вольных мастацтваў, багаслоўскі, мед., юрыд.); у 16 ст. ф-т вольных мастацтваў пераўтвораны ў філасофскі. У 15—16 ст. вядомы як цэнтр гуманізму. У канцы 17 ст. спалены французамі. Аднавіў дзейнасць як навуч. і навук. ўстанова пасля 1803 намаганнямі курфюрста Карла Фрыдрыха Бадэнскага. У 19 ст. адна з вядучых навуч. устаноў Германіі. Ф-ты: тэалагічны, філас., юрыд., прыродазнаўчых навук, мед. і інш. У ім працавалі філосафы Г.Гегель, К.Фішэр, хімік Р.​Бунзен, фізік Г.Кірхгоф, даследчык прыроды Г.Гельмгольц, гісторык Ф.Шлосер і інш. Б-ка (з 1386).

т. 4, с. 439

«ГА́ЙДЭНС»

(англ. guidance ад guide весці, кіраваць, накіроўваць),

псіхолага-педагагічная кансультатыўная служба ў сістэме адукацыі ЗША. У шырокім сэнсе «Гайдэнс» — дапамога ў любой складанай сітуацыі, калі асоба стаіць перад неабходнасцю выбару, прыняцця рашэння або адаптацыі да новых умоў. У вузкім сэнсе — дапамога асобе ў самапазнанні, пазнанні навакольнага асяроддзя з мэтай выкарыстання ведаў для паспяховай вучобы, выбару прафесіі і развіцця сваіх здольнасцей. Узнікла ў канцы 19 ст. Пашырылася ў канцы 1910-х г. На працягу дзейнасці канцэпцыі «Гайдэнса» мяняліся. Сучасныя канцэпцыі накіраваны на выхаванне асобы, здольнай паспяхова выконваць сац. ролі работніка, грамадзяніна, сем’яніна, спажыўца, на фарміраванне ўмення вырашаць праблемы, кіраваць групай і творча падыходзіць да любой дзейнасці.

т. 4, с. 439