«БЕЛАРУ́СЬ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік пра важнейшыя сферы жыццядзейнасці Беларусі. Выдадзены ў 1995 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Усебакова і дастаткова поўна асвятляе гіст. мінулае бел. народа і сучасны ўзровень развіцця краіны, адм.-тэр. падзел, эканоміку, навуку, культуру і мастацтва, мову, л-ру, фальклор і этнаграфію, прыродныя багацці, геаграфічныя і геалагічныя аб’екты, раслінны і жывёльны свет. Уключае 4800 артыкулаў, у т. л. больш як 1600 біяграфій прадстаўнікоў розных галін ведаў і дзейнасці. Артыкулы праілюстраваны каляровымі і чорна-белымі фотаздымкамі, малюнкамі, картамі, схемамі.
т. 3, с. 65
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штомесячны ілюстраваны грамадска-палітычны часопіс на бел. мове. Засн. ў 1930 пад назвай «Чырвоная Беларусь» (выходзіў да 1933), адноўлены ў студз. 1944 пад назвай «Беларусь». У 1944 выходзіў раз у 2 месяцы спачатку ў Маскве (№ 1—3), потым у Мінску паралельна на бел. і рус. мовах. З 1945 на бел. мове. Асвятляе грамадска-паліт. і эканам. жыццё рэспублікі, узнімае пытанні развіцця нац. культуры, культ. узаемасувязяў з інш. народамі, публікуе нарысы, нататкі пра бел. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі, фотарэпартажы, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва, папулярныя творы «малых» жанраў (вершы, апавяданні, п’есыаднаактоўкі, нарысы і інш.) бел. пісьменнікаў. Шмат увагі аддае праблемам бел. нац. адраджэння, вяртання народу яго духоўнай і гіст. спадчыны, у т. л. навук. і літ.-маст. здабыткаў, створаных беларусамі за мяжой, рэліг.-хрысціянскіх традыцый.
т. 3, с. 65
«БЕЛАРУСЬ»,
газета. Выдавалася з 30.3 да 18.5.1919 у Гродне на бел. мове. Орган Цэнтр. бел. рады Гродзеншчыны. Асвятляла культ. жыццё горада, пісала пра бел. школу, літ.-муз. вечары, бел. настаўніцкі рух і інш. Друкавала матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі. Пад рубрыкай «У нашых суседзяў» змяшчала інфармацыю пра падзеі ў Польшчы, на Украіне і ў Літве. Друкавала агляд міжнар. жыцця. Вяла рубрыку «Мясцовая хроніка». А.М.Пяткевіч.
т. 3, с. 65
«БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая палітычнаэканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 21.10.1919 да 9.7.1920 у Мінску на бел. мове. Пераемніца газеты «Звон» (27 нумароў яе уключаны ў суцэльную нумарацыю «Беларусі»). Развівала традыцыі газеты «Наша ніва», аб’ядноўвала нац. паліт. партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Бел. Рэспублікі ў этнагр. межах бел. народа. Разнастайныя матэрыялы газеты — ад рэдакцыйных артыкулаў і літ. твораў да карэспандэнцый з гарадоў, мястэчак і вёсак — знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, нар. гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гіст. ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў «усходняга» і «заходняга» тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сац.-паліт. тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польск. улад на Беларусі. Разнастайныя матэрыялы былі прысвечаны арганізацыі бел. арміі. Шмат месца газета адводзіла барацьбе за стварэнне бел. школ. У артыкулах на эканам. тэмы шукала шляхі да аднаўлення сельскай гаспадаркі, прам-сці і рамяства ў краіне. Асаблівае значэнне надавалася працоўнай кааперацыі, якая, на думку сацыяліст. крыла аўтарскага калектыву газеты, прывядзе Беларусь да дэмакр. сацыялізму. Газета апублікавала шэраг даследаванняў Я.Карскага па гісторыі бел. л-ры і культуры. Значнае месца ў «Беларусі» займаў літ. аддзел. Друкаваліся творы Я.Купалы, З.Бядулі, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа, М.Чарота, У.Галубка і інш. Рэгулярна асвятляла тэатр. жыццё ў Мінску.
т. 3, с. 65
«БЕЛАРУ́СЬ» гасцініца ў Мінску. Размешчана на вул. Старажоўскай, на ўзгорку левага берага р. Свіслач. Пабудавана ў 1987 (арх. Л.Пагарэлаў). Вышынны 22-павярховы 3-пялёсткавы ў сячэнні будынак, разлічаны на 1000 гасцінічных месцаў.
Планіроўка тыповага паверха радыяльная: ад цэнтр. ліфтавай групы разыходзяцца 3 калідоры з 2-баковым размяшчэннем нумароў. Каля ліфтавай групы і ў тарцах 2 крылаў міжпаверхавыя лесвіцы. Ад гал. корпуса ў бок праспекта Машэрава выступае самаст. 2-павярховае крыло з круглым у плане блокам рэстарана. Іл. гл. ў арт. Беларусь. А.М.Кулагін.
т. 3, с. 66
«БЕЛАРУ́СЬ»,
назва сям’і універсальных трактароў. Распрацоўваюцца і выпускаюцца вытв. аб’яднаннем «Мінскі трактарны завод». Бываюць: універсальна-прапашныя, агульнага і спец. прызначэння; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя (колавыя — з 3 для работы на бавоўнавых палях або з 4 коламі). Маюць цэльнаметалічную кабіну, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, незалежны і сінхронны валы адбору магутнасці, прыстасаванні для агрэгатавання з інш. машынамі (да 540 машын з трактарам МТЗ-1025) і інш. Выпускаецца больш за 50 мадэляў магутнасцю ад 5 да 150 к.с.
Першая мадэль трактара «Беларусь» МТЗ-2 на пнеўматычных колах выпушчана ў 1953, удасканаленыя канструкцыі (МТЗ-5, МТЗ-7 і іх мадыфікацыі) — у 1959—60. У 1963 укаранёна ў вытв-сць базавая мадэль «Беларусь» МТЗ-50 і на яе аснове сям’я МТЗ-52 (1965) павышанай праходнасці з 4 вядучымі коламі (агрэгатуецца са 162 машынамі; экспартуецца з 1966). З 1974 выпускаецца сям’я мадыфікаваных трактароў МТЗ-80/82 (удасканалены пнеўматычная сістэма тармазоў прычэпаў, двухскорасны вал адбору магутнасці, гідракрук, аўтаблакіроўка дыферэнцыяла задняга моста, сістэма кандыцыяніравання паветра, кабіна павышанай герметычнасці і шумаізаляцыі і інш.; агрэгатуецца з 300 машынамі; экспартуецца з 1976). У 1984 укаранёны ў вытв-сць высокаэнерганасычаны МТЗ-12 магутнасцю 100 к.с. (74 кВт). Гл. таксама табл.
М.Р.Мялешка.
т. 3, с. 66
«БЕЛАРУСЬГАНДАЛЬМА́Ш»,
гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання.
т. 3, с. 67
«БЕЛАРУСЬГЕАЛО́ГІЯ»,
вытворчае аб’яднанне па геолагаразведачных работах Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе комплекснае вывучэнне нетраў, пошукі і разведку радовішчаў карысных выкапняў на тэр. Беларусі.
Стварэнне бел. геал. службы ўзыходзіць да 1922 (геолагаглебавая падсекцыя ў Інбелкульце). У 1930 арганізаваны Бел. геолагаразведачны трэст, функцыі якога ў 1933 перададзены Ін-ту геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР. З 1936 геолагаразведачная служба існавала ў складзе Нар. камісарыята мясц. прам-сці БССР, пры СНК СССР (з 1938), у Маскоўскім геал. упраўленні (Бел. геал. партыя, з 1943). У 1944 арганізавана Бел. геал. ўпраўленне. З 1946 пачата планамернае вывучэнне нетраў. У 1965 у сістэме Упраўлення геалогіі пры СМ БССР створаны трэст «Белнафтагазразведка», у 1969 у яе ўвайшоў Ін-т геал. навук АН БССР (гл. Геолага-разведачны Беларускі навукова-даследчы інстытут). У 1979 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР пераўтворана ва Упраўленне геалогіі БССР. У 1980 створана Бел. нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання ў Зах. Сібіры. З 1987 сучасная назва.
У складзе «Беларусьгеалогіі» (1995) 11 вытв. падраздзяленняў, у т. л. Беларуская геолагаразведачная экспедыцыя (у Слуцку), Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя (у Мінску), Цэнтр. геафіз. экспедыцыя (у пас. Калодзішчы каля Мінска), Геафізічная экспедыцыя (у Мінску), Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання і інш.
Э.І.Свідэрскі.
т. 3, с. 67
«БЕЛАРУСЬГУМАТЭ́ХНІКА»,
завод па вытв-сці гумавых тэхн. вырабаў у Бабруйску. Створаны ў 1952 для вырабу натуральнага каўчуку. У 1954—57 пераабсталяваны ў рэгенератны з-д, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў. У 1959—65, 1970 і 1977 рэканструяваны і расшыраны. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгуматэхніка». З 1990 арэнднае, з 1992 нар. прадпрыемства, з 1994 акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1995): фармавыя і нефармавыя гумава-тэхн. вырабы для камплектацыі аўтамабіляў і трактароў, рукавы гумавыя з нітачным узмацненнем, ніткі з латэксу, падлогавыя пакрыцці, гумавыя порыстыя і няпорыстыя пласціны і дэталі для абутку, стужка канвеерная, вырабы з ліццёвага поліурэтану, пласціны гумавыя, гумаватканінныя, гукаізаляцыйныя бітумныя і тэкстыльна-бітумныя.
т. 3, с. 67
«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.
т. 3, с. 67