Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАФІ́МАЎ Альберт Фёдаравіч (25.11.1936, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі і вет. медыцыны. Д-р вет. н. (1988), праф. (1991). Чл.-кар. Агр. АН Беларусі (1996). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1975 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (у 1988—95 заг. аддзела, у 1995—98 нам. дырэктара). Навук. працы па пытаннях інтэнсіўных тэхналогій вытв-сці малака і мяса, сістэм атрымання і вырошчвання цялят; рэканструкцый жывёлагадоўчых памяшканняў; гігіены ўтрымання буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Содержание коров на фермах и комплексах. Мн., 1985 (разам з С.​І.​Пляшчанкам);

Выращивание телок. Мн., 1986 (у сааўт.);

Получение и выращивание здоровых телят. Мн., 1990 (разам з С.​І.​Пляшчанкам, В.​Ц.​Сідаравым);

Реконструкция животноводческих помещений. Молодечно, 2001 (у сааўт.).

А.Ф.Трафімаў.

т. 15, с. 520

ТРАФІ́МАЎ Пётр Міхайлавіч (7.12.1905, в. Залессе Анежскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 13.11.1986),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1963), праф. (1963). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1933), працаваў у ім у 1933—41, 1946—67 (з 1946 заг. кафедры). У 1967—85 заг. кафедры Бел. тэхнал. ін-та. Навук. працы па праблемах эканам. развіцця, лясной і дрэваапр. вытв-сці, прыродакарыстання.

Тв.:

Деревообрабатывающая промышленность Архангельской области. Архангельск. 1954 (разам з М.​А.​Бяловым);

Очерки экономического развития Европейского Севера России. М., 1961;

Пути развития лесной промышленности в СССР. Мн., 1972;

Социалистическое природопользование. Мн., 1981 (разам з У.​С.​Раманавым).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 15, с. 520

ТРАФІ́МАЎ Яўсей Рыгоравіч.(15.2.1886, в. Хатоўня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.1.1970), бел. паліт. дзеяч. З 1901 працаваў у паштова-тэлегр. установах Бабруйска, Гомеля, Міра, Мінска. З 1914 у Адэсе. Удзельнічаў у грамадска-паліт. і культ.-асв. рабоце сярод беларусаў-бежанцаў і салдат Румынскага фронту. З вер. 1919 у Мінску, адзін з лідэраў і чл. ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1919—20 заг. інструктарска-арганізац. аддзела Часовага Бел. нац. к-та ў Мінску. Прыхільнік супрацоўніцтва БПС-Р з РКП(б) і КП(б)Б. Як прадстаўнік ЦК БПС-Р, якая выступала за дзярж. цэласнасць Беларусі ў этнагр. межах, адмовіўся падпісаць Дэкларацыю аб 2-м абвяшчэнні ССРБ 31.7.1920, выключаны са складу Ваенна-рэв. к-та БССР. Працаваў у органах спажывецкай і с.-г. кааперацыі, заг. фін. аддзелаў у Мінску. У 1924—30 кіраўнік крэдытна-планавага аддзела Сельсаюзбанка. 12.2.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», паводле пастановы Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў г. Сарапул (Удмурцкая Рэспубліка, Расія). З 1935 жыў і працаваў у г. Іжэўск, з 1961 у Ленінградзе. Рэабілітаваны ў 1960.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 521

ТРАФІМЕ́НКА Аляксандр Пятровіч (н. 16.9.1950, г. Алматы, Казахстан),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1993). Скончыў Казахскі ун-т (1973). З 1979 у Ін-це філасофіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па філас. праблемах касмалогіі, астрафізікі і геафізікі, белых і чорных дзір у Сусвеце, прадказання лакальных і глабальных катастроф.

Тв.:

Вселенная и развитие. Мн., 1982;

Вселенная: творение или развитие? Мн., 1987;

Белые и черные дыры во Вселенной. Мн., 1991;

Теория относительности и астрофизическая реальность. Мн., 1992;

Черные дыры в физике Земли. Мн., 1997: Black holes in physics of the Earth. Minsk, 1998;

Black holes against humankind. Minsk. 1999;

Черные дыры против человечества. М., 2000;

Черные дыры: «конец света» или пугь в бессмертие? // Пришельцы из космоса? Мн., 2002.

т. 15, с. 521

ТРАФІ́МЕНКА Сяргей Георгіевіч (22.9.1899, г. Бранск, Расія — 16.10.1953),

савецкі военачальнік, генерал-палкоўнік (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1937) і вышэйшыя акад. курсы пры гэтай акадэміі (1949). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну камандаваў аператыўнай групай войск і арміямі на Карэльскім, Паўн.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах. Пасля вайны камандаваў войскамі ваен. акруг, у 1946—49 — Беларускай ваеннай акругі.

т. 15, с. 521

ТРАФІМУ́К Андрэй Аляксеевіч (16.8.1911, в. Хветкавічы Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1999),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953).

Герой Сац. Працы (1944). Скончыў Казанскі ун-т (1933). З 1953 ва Усесаюзным нафтагазавым НДІ (з 1955 дырэктар). З 1957 дырэктар Ін-та геалогіі і геафізікі Сіб. аддз. АН СССР, з 1958 нам. старшыні Сіб. аддз. АН СССР, з 1963 чл. прэзідыума АН СССР. З 1988 саветнік прэзідыума АН СССР. Навук. працы па тэктоніцы і нафтагазаноснасці Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна і нафтагазаноснасці Д. Усходу. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1994.

Тв.:

Нефтеносность палеозоя Башкирии М.; Л., 1950;

Миграция рассеянных битумоидов. Новосибирск, 1971 (разам з У.​С.​Вышамірскім, А.​Э.​Кантаровічам);

Геология нефти и газа Западаой Сибири. М., 1975 (у сааўт.).

А.А.Трафімук.

т. 15, с. 521

ТРАФІМЧУ́К Алег Рыгоравіч (16.1.1941, Мінск — 18.5.1984),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). З 1968 гал. архітэктар г. Маладзечна, з 1971 ва ўпраўленні па буд-ве і архітэктуры Мінскага аблвыканкома (з 1973 нач. упраўлення, гал. архітэктар вобласці). Асн. работы: Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (Дзярж. прэмія СССР 1977), праекты планіроўкі і забудовы 3 мікрараёнаў і праспекта Леніна ў Маладзечне (1969—73), цэнтраў гарадоў Капыль (1972) і Жодзіна (1974—75), мікрараёна ў г. Клецк (1972), генпланы г.п. Мядзел (1973), г. Вілейка (1977), вёсак Крупіца Мінскага (1979), Слабада Смалявіцкага (1980) р-наў (усе ў сааўт.). Помнікі М.​Горкаму ў Мінску (1981), Г.​А.​Нікандравай ў г. Дуброўна (1980), мемар. комплекс у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977).

А.Р.Трафімчук.

т. 15, с. 521

ТРАФІМЧУ́К Мікола (Мікалай Мікалаевіч; н. 3.1.1950, в. Восаўцы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1975). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, на Брэсцкім тэлебачанні, у газ. «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». Друкуецца з 1970. У зб-ках «Трыванне» (1990), «Фэст» (1994), «Любіць Бог Беларусь», «Трын-трава», «Найперш мы — ліцвіны» (усе 1996) асэнсаванне прызначэння чалавека на зямлі, сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей.

т. 15, с. 521

ТРАФІ́ЧНЫ ЛАНЦУ́Г, ланцуг харчавання,

шэраг арганізмаў у біягеацэнозах, звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец». Асн. тыпы Т.Л.: пашавы (у аснове зялёныя расліны; напр., елка—тля—божая кароўка—павук—мухалоўка—ястраб; аднаклетачныя водарасці—весланогія рачкі—верхаводка—судак),

і дэтрытны (у аснове фітадэтрыт; напр., лісцевы апад дрэў—дажджавы чарвяк—жукі-стафіліны—землярыйкі—ліс). Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўню) паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна, т.ч. здзяйсняецца ланцуговы перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе. У Т.л. пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна большая яе ч. страчваецца, таму ў Т.л. звычайна не больш як 5 звёнаў. Т.л. ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напр., пацукі жывяцца расл. і жывёльным кармамі, могуць з’яўляцца рознымі трафічнымі ўзроўнямі некалькіх трафічных ланцугоў) і інш. Асн. структурны элемент і ўласцівасць трафічнай сеткі — экалагічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца інш., функцыянальна блізкім (напр., буйных капытных жывёл замяняюць грызуны). Вывучае Т.л. трофаэкалогія.

т. 15, с. 521

ТРАФІ́ЧНЫ ЎЗРО́ВЕНЬ,

сукупнасць арганізмаў біягеацэнозу, аб’яднаных тыпам жыўлення. Адрозніваюць Т.ў.: прадуцэнты (аўтатрофныя арганізмы, пераважна зялёныя расліны), кансументы 1-га (расліннаедныя жывёлы), 2-га (драпежнікі) і 3-га (другасныя драпежнікі) парадкаў, рэдуцэнты (мікраарганізмы-дэструктары). Арганізмы розных трафічных ланцугоў, якія атрымліваюць корм праз аднолькавую колькасць звёнаў, знаходзяцца на адным Т.у. Асобіны аднаго віду, якія прымаюць удзел у розных трафічных ланцугах, могуць знаходзіцца на розных Т.у., у залежнасці ад крыніцы энергіі. На кожным Т.у. корм асімілюецца часткова, значная яго ч. траціцца на абмен, таму прадукцыя арганізмаў кожнага наступнага Т.ў. заўсёды меншая за прадукцыю папярэдняга ў сярэднім у 10 разоў. Адносная колькасць энергіі, што перадаецца ад аднаго Т.ў. да другога, наз. экалагічнай эфектыўнасцю згуртавання. Суадносіны розных Т.у. (трафічную структуру) графічна паказваюць у выглядзе экалагічнай піраміды. Вывучае Т.ў. трофаэкалогія.

т. 15, с. 521