ТРАФІ́МАЎ Яўсей Рыгоравіч.(15.2.1886, в. Хатоўня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.1.1970), бел. паліт. дзеяч. З 1901 працаваў у паштова-тэлегр. установах Бабруйска, Гомеля, Міра, Мінска. З 1914 у Адэсе. Удзельнічаў у грамадска-паліт. і культ.-асв. рабоце сярод беларусаў-бежанцаў і салдат Румынскага фронту. З вер. 1919 у Мінску, адзін з лідэраў і чл. ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1919—20 заг. інструктарска-арганізац. аддзела Часовага Бел. нац. к-та ў Мінску. Прыхільнік супрацоўніцтва БПС-Р з РКП(б) і КП(б)Б. Як прадстаўнік ЦК БПС-Р, якая выступала за дзярж. цэласнасць Беларусі ў этнагр. межах, адмовіўся падпісаць Дэкларацыю аб 2-м абвяшчэнні ССРБ 31.7.1920, выключаны са складу Ваенна-рэв. к-та БССР. Працаваў у органах спажывецкай і с.-г. кааперацыі, заг. фін. аддзелаў у Мінску. У 1924—30 кіраўнік крэдытна-планавага аддзела Сельсаюзбанка. 12.2.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», паводле пастановы Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў г. Сарапул (Удмурцкая Рэспубліка, Расія). З 1935 жыў і працаваў у г. Іжэўск, з 1961 у Ленінградзе. Рэабілітаваны ў 1960.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)