Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САДО́ЎСКАГА ЭФЕ́КТ,

узнікненне вярчальнага мех. моманту ў целе, якое апрамяняецца эліптычна (ці цыркулярна) палярызаваным святлом. Абумоўлены наяўнасцю адметнага ад нуля моманту імпульсу ў фатонаў святла з такой палярызацыяй. Адкрыты А.​І.​Садоўскім (1898), выяўлены эксперыментальна амер. фізікам Р.​Бетам (1935). Існаванне С.э. дазваляе выкарыстоўваць закон захавання моманту імпульсу пры даследаванні з’яў узаемадзеяння эл.-магн. выпрамянення з рэчывам.

Літ.:

Розенберг Г.В. Наблюдение спинового момента сантиметровых волн // Успехи физ. наук. 1950. Т. 40, вып. 2;

Бокуть Б.В., Митюрич Г.С., Шепелевич В.В. Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 77

САДО́ЎСКІ (Аляксандр Іванавіч) (6.12.1859, г. Віцебск — 26.12.1923),

расійскі фізік і педагог. Праф. (1894). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881). Працаваў у ВНУ Пецярбурга. З 1894 у Юр’еўскім (Тартускім) ун-це, з 1916 заг. кафедры фізікі Мікалаеўскай марской акадэміі (Пецярбург), адначасова з 1915 супрацоўнік вайскова-прамысл. камітэта. З 1919 у Празе. Навук. працы па оптыцы і электрамагнетызме. У кн. «Пандэраматорныя дзеянні электрамагнітных і светлавых хваль на крышталі» (1898) тэарэтычна даказаў вярчальнае дзеянне палярызаваных эл.-магн. хваль (гл. Садоўскага эфект). Адзін з арганізатараў і ўдзельнік першага ў Расіі з’езда выкладчыкаў фізікі (1902).

Літ.:

Развитие физики в России. Т. 2. М., 1970;

Процька Т. Даследчык таямніцаў святла: Аляксандр Садоўскі. Мн., 1994.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 77

САДО́ЎСКІ (Антон Паўлавіч) (н. 7.2.1944, в. Красняны Мядзельскага р-на Мінскай. вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў БДУ (1966). У 1967—8 2 і з 1999 у БДУ. У 1982—99 у Гродзенскім ун-це (у 1982—84 заг. кафедры). Навук. працы па якаснай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў метады рашэння класічнай праблемы цэнтра і фокуса для адвольных аналіт. сістэм дыферэнцыяльных ураўн. на плоскасці.

Тв.:

Нелинейные колебания в системах второго порядка. Мн., 1982 (разам з У.​В.​Амелькіным, М.​А.​Лукашэвічам);

Проблема центра и фокуса для аналитических систем с нулевой линейной частью // Дифференциальные уравнения. 1989 Т. 25, № 5—6;

Решение проблемы центра и фокуса для кубической системы нелинейных колебаний // Там жа. 1997. Т. 33, № 2.

т. 14, с. 77

САДО́ЎСКІ (Вісарыён Дзмітрыевіч) (6.8.1908, г. Омск, Расія — 1991),

расійскі вучоны ў галіне металазнаўства. Акад. АН СССР (1970). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Казанскі ун-т (1930). З 1935 ва Уральскім навук. цэнтры АН СССР, з 1958 у Ін-це фізікі металаў АН СССР (г. Екацярынбург), адначасова ў 1944—59 выкладаў ва Ўральскім політэхн. ін-це. Навук. працы па кінетыцы пераўтварэнняў пераахалоджанага аўстэніту, тэорыі фазавых і структурных пераўтварэнняў пры награванні сталі, умацаванні і легіраванні сталей і сплаваў. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Фазовые и структурные превращения при нагреве стали. Свердловск;

М., 1954 (разам з К.​А.​Малышавым, Б.​Г.​Сазонавым);

Структурная наследственность в стали. М., 1973.

В.​Дз.Садоўскі.

т. 14, с. 78

САДО́ЎСКІ (сапр. Табілевіч) Мікалай Карпавіч

(18.3.1856, с. Каменна-Каставатае Брацкага р-на Мікалаеўскай вобл., Украіна — 7.2.1933),

украінскі акцёр, рэжысёр. Брат І.​Карпенкі-Карага, П.​Саксаганскага. У 1881 пачаў дзейнасць у прафес. т-ры; працаваў у трупах М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага і інш. У 1888 узначаліў (з М.​Занькавецкай) сваю трупу (у 1898 аб’ядналася з трупай Саксаганскага, у 1900 — Крапіўніцкага), якая стала адным з лепшых укр. тэатр. калектываў. У 1906 арганізаваў першы ўкр. стацыянарны прафес. т-р (працаваў у Палтаве, пасля да 1920 у Кіеве). У 1921—23 узначальваў прафес. т-р у Ужгарадзе. Некат. час жыў у Чэхіі. З 1926 на радзіме, гастраліраваў у розных тэатр. калектывах. Самабытны акцёр, сцэн. творчасць якога засн. на глыбокім веданні жыцця, побыту і гісторыі народа. Сярод роляў: Багдан Хмяльніцкі, Тарас Бульба (аднайм. драмы Старыцкага), Гнат, Тарас, Апанас, Мартын Баруля, Сава («Абяздоленая», «Бандароўна», «Бурлака», «Мартын Баруля», «Сава Чалы» Карпенкі-Карага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Старшына («Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Камандор («Каменны гаспадар» Л.​Украінкі). Ставіў п’есы Б.​Грынчанкі, Л.​Яноўскай, Л.​Украінкі, С.​Васільчанкі, Гогаля, А.​Астроўскага, Л.​Талстога, оперы М.​Лысенкі, Р.​Казачэнкі, Дз.​Січынскага, С.​Манюшкі, Б.​Сметаны і інш. Аўтар лібрэта да оперы Лысенкі «Энеіда» (паводле І.​Катлярэўскага), мемуараў «Успаміны з руска-турэцкай вайны» (1917), «Мае тэатральныя ўспаміны» (1907—29).

Літ.:

Василько В.С. Микола Садовський та його театр. Київ, 1962;

Спогали про Миколу Садовського. Київ, 1981.

М.К.Садоўскі.

т. 14, с. 78

САДО́ЎСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (6.11.1904, С.-Пецярбург — 12.10.1994),

расійскі геафізік; адзін з заснавальнікаў фізікі выбуху. Акад. Рас. АН (1966; чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1928). З 1930 у Сейсмалагічным ін-це АН СССР, з 1941 у Прэзідыуме АН СССР, з 1948 нам. дырэктара Ін-та хім. фізікі АН СССР. З 1960 дырэктар, з 1989 ганаровы дырэктар Ін-та фізікі Зямлі Рас. АН. У 1967—69 акад.-сакратар Аддзялення навук аб Зямлі АН СССР. Навук. працы па гравіметрыі, фізіцы выбуху і ўдарных хваль, мех. і сейсмічным дзеянні выбуху, мадэліраванні геафіз. асяроддзя, геамеханіцы горных парод, сейсмічнай бяспецы і прагназаванні землетрасенняў. Распрацаваў метад вызначэння сейсмічна небяспечных адлегласцей пры ўзрыўных работах. Прапанаваў блочна-іерархічную мадэль структурнай будовы літасферы (1979). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1985). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Избр. труды. Геофизика и физика взрыва. М., 1999.

Літ.:

М.​А.​Садовский. М., 1994.

М.​М.​Касцюковіч.

М.А.Садоўскі.

т. 14, с. 78

САДО́ЎСКІ (Яфім Ільіч) (4.1.1908, Мінск — 13.9.1993),

бел. пісьменнік, журналіст. Скончыў агульнаадукацыйныя курсы (1927). Працаваў у рэдакцыях газет у Мінску. Друкаваўся з 1923. Пісаў пераважна на рус. мове. Аўтар зб-каў вершаў «Паўстанак» (1927, з Р.​Ладным), «Каралі» (1991), апавяданняў «Скрыпка і ордэн» (1935), «Я бачу» (1939), «Ясныя далі» (1951), «Жыцці і лёсы» (1962), нарысаў, брашур. Склаў зб-кі «Маякоўскі ў Беларусі» (1957), «Жыццё, аддадзенае барацьбе» (пра В.​Харужую, 2-е выд. 1983), «Успаміны пра Змітрака Бядулю» (1988, з К.​Цвіркам). Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Наваселле» (1945) і «Па малых рэках» (1947).

Тв.:

Отвергнутая любовь: Рассказы. Мн., 1991.

т. 14, с. 78

САДО́ЎСКІЯ,

сям’я рускіх акцёраў.

Проў Міхайлавіч (сапр. Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.​Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.​Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.​Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.​Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.​Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, К.​Гальдоні, К.​Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар. арт. СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.​Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.​Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.

Літ.:

Семья Садовских. М.; Л., 1939;

Дурылин С.Н. П.​М.​Садовский. М., 1950;

Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.​М.​Садовский. М., 1968.

т. 14, с. 78

САДО́Ф’ЕЎ (Ілья Іванавіч) (24.7.1889, С.-Пецярбург — 17.7.1965),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1912. Першы паэт. зб. — «Дынама-вершы» (1918). Аўтар зб-каў вершаў «Прасцей простага» (1925), «Крутое жыццё» (1929), паэмы «Індустрыяльная жалейка» (1923), кн. апавяд. «Акрываўленая лесвіца» (1920) і інш. На рус. мову перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, М.​Машары, П.​Панчанкі, П.​Пестрака, М.​Танка. Перакладаў з укр. і літ. моў. Яго вершы на бел. мову перакладалі А.​Бялевіч, А.​Гурло, І.​Калеснік, А.​Якімовіч.

Тв.:

Избранное. М.; Л., 1960;

Песня о Родине. Л., 1953;

Индустриальная свирель. Л.,1971.

А.​С.​Малінін.

т. 14, с. 79

САДРУ́ЖНАСЦІ МО́РА У Індыйскім ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж Зямлёй Эндэрбі і Зах. шэльфавым ледавіком. Пл. каля 260 тыс. км². Глыб. да 500 м на Пд і больш за 3000 м на Пн. Б.ч. года ўкрыта дрэйфуючымі льдамі. Шмат айсбергаў. На беразе С.м. — аўстрал. навук. станцыі Моўсан і Дэйвіс. Названа ў 1962 удзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі у азнаменаванне сумесных доследных работ экспедыцый розных дзяржаў у Антарктыцы.

т. 14, с. 79