Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІО́НЫ,

тое, што пі-мезоны.

т. 12, с. 376

ПІПАНІ́ЧНЫ (Віталь Мікалаевіч) (н. 2.3.1937, г.п. Ніжнія Серагозы Херсонскай вобл., Украіна),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1995 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па хіміі кортыкастэроідаў і сінт. аналагаў стэроідаў. Адкрыў новую групу гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў і сінтэзаваў шэраг біялагічна актыўных злучэнняў гэтай групы.

Тв.:

Синтез и биологическая активность производных 8,16-диазастероидов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 240, № 3;

Полный синтез 8-аза-16-оксастероидов (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1978. Т. 22, № 5.

т. 13, с. 149

ПІПЕРАЗІ́Н, гексагідрапіразін, дыэтылендыамін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H10N2. Бясколерныя крышталі, tпл 112 °C, tкіп 146 °C. Раствараецца ў вадзе, гліцэрыне, этаноле. Гіграскапічны; утварае гексагідрат з tпл 44 °C; з паветра паглынае дыаксід вугляроду. Паводле хім. уласцівасцей — другасны аліфатычны амін. Выкарыстоўваюць як інгібітар карозіі, паскаральнік полімерызацыі хларапрэну, П. гексагідрат і адыпінат — у медыцыне як процігліставы сродак. Таксічны: ГДК 5 мг/м³.

Літ.:

Бейшекеев Ж. Химия и применение пиперазина. Фрунзе, 1982.

т. 12, с. 377

ПІПЕРЫДЗІ́Н, гексагідрапірыдзін, пентаметыленімін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C5H11N Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 106,17 °C, шчыльн. 860,6 кг/м³.

Змешваецца з вадой, этанолам, дыэтылавым эфірам. Паводле хім. уласцівасцей — моцная аснова, лёгка ўтварае солі. Структурны фрагмент многіх алкалоідаў (напр., анабазіну, лабеліну, марфіну). Выкарыстоўваюць для сінтэзу лек. прэпаратаў (анальгетыкаў, анестэтыкаў і інш.), некаторыя вытворныя — як паскаральнікі вулканізацыі.

т. 12, с. 377

ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),

франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.

т. 12, с. 377

ПІ́ПКАЎ (Любамір) (19.9.1904, г. Ловеч, Балгарыя — 9.5.1974),

балгарскі кампазітар, хар. дырыжор, педагог. Нар. арт. Балгарыі (1952), Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Дзярж. муз. акадэмію ў Сафіі па кл. фп. (1926). Вучыўся ў Парыжы ў П Дзюка, Н.​Буланжэ (1926—32). З 1932 канцэртмайстар і хар. дырыжор Сафійскай нар. оперы, у 1944—48 яе дырэктар. З 1948 выкладчык Балгарскай кансерваторыі (з 1953 праф.). Творам уласціва спалучэнне элементаў балг. фальклору і сучасных сродкаў выразнасці. Аўтар опер «Дзевяць братоў Яны» (1937), «Мамчыл» (1948), «Антыгона-43» (1963) і інш.; 4 сімфоній (1940—70), канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хораў; музыкі для дзяцей, да кінафільмаў.

Аўтар кн. «Выбраныя артыкулы» (1977). Дзімітроўскія прэміі 1950, 1951, 1952.

Літ.:

Хлебаров И. Л.​Пипков: Пер. с болг. София, 1976.

т. 12, с. 377

ПІПЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі (Certhiidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 2 (4) роды, 17 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. Жывуць пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, гняздуюцца ў дуплах, трэшчынах ствалоў, пад карой. На Беларусі 2 віды роду Пішчуха (Certhia); звычайная (C. familiaris) — гняздуецца на ўсёй тэр., і караткапальцая (C. brachydactyla) — залётны від.

Даўж. да 17 см, маса да 30 г. Дзюба даўж. да 1,5 см, тонкая, загнутая ўніз. Хвост цвёрды, ногі дужыя, учэпістыя, з загнутымі кіпцюрамі. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Нясуць да 9 яец двойчы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчуха звычайная.

т. 12, с. 395

ПІ́ПЫ (Pipinae),

падсямейства бясхвостых земнаводных падатр. без’языкіх. 1 род (Pipa), 6 відаў. Пашыраны ў тропіках Паўд. Амерыкі. Жывуць у прэсных вадаёмах і каля іх.

Даўж. да 20 см; самкі буйнейшыя за самцоў. Цела шырокае, пляскатае. Морда завостраная. Вочы без павекаў. Пярэднія ногі з 4 доўгімі пальцамі без плавальных перапонак, заднія даўжэйшыя, з 5 пальцамі, злучанымі пераполкай. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Размнажэнне найб. вывучана у П. сурынамскай: яйцы (да 114) з дапамогай самца трапляюць у ячэйкі яйцаклада, які самка выварочвае сабе на спіну. Ячэйкі глыб. да 15 мм прыкрыты скурыстымі вечкамі, пад якімі ідзе развіццё яец і фарміраванне апалонікаў, пасля чаго з ячэек выходзяць сфарміраваныя жабяняты, а самка ліняе, мяняючы скуру.

Піпа сурынамская.

т. 12, с. 377

ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),

цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш. тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э. разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.

т. 12, с. 377

ПІР ((Pire) Дамінік Жорж) (10.2.1910, г. Дынан, Бельгія — 30.1.1969),

бельгійскі каталіцкі святар (дамініканец). Д-р тэалогіі (1936). Скончыў Дамініканскі ун-т у Рыме (1936). З 1937 выкладаў у дамініканскім калежы Ла Сарт (Бельгія), быў святаром, набыў вядомасць гуманітарнай дзейнасцю. Напярэдадні 2-й сусв. вайны стварыў у Бельгіі лагеры для дзяцей бедных бацькоў, дзе ў перыяд ням.-фаш. акупацыі краіны (1940—44) знайшлі прытулак тысячы дзяцей.

Удзельнік руху Супраціўлення. У пасляваен. час арганізоўваў дапамогу бежанцам і перамешчаным асобам праз стварэнне спец. лагераў, т.зв. «Еўрап. вёсак» і міжнар. гуманіт. арг-цый. Нобелеўская прэмія міру 1958.

т. 12, с. 377