БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў КІНАФОТАФОНАДАКУМЕ́НТАЎ
(БДАКФФД),
навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНК СССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял. Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у тым ліку каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у тым ліку прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
т. 2, с. 439
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ (БДАНТД). Створаны ў 1968. Зберагае навук.-тэхн. дакументацыю праектна-канструктарскіх, тэхнал. і н.-д. устаноў і арг-цый, асабістыя фонды дзеячаў навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Мае (1996) 160 фондаў (больш за 90 тыс. адзінак захоўвання за 1887—1941 і 1944—90). Дакументы архіва адлюстроўваюць буд-ва і рэканструкцыю гарадоў і інш. нас. пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, чыг. і шашэйных дарог, культ.-асв., адм. і інш. збудаванняў на Беларусі, распрацоўку вырабаў прамысл. прадукцыі і быт. тэхнікі. Сярод дакументаў ген. планы гарадоў, праекты па жыллёва-грамадз., прамысл. і сельскім будаўніцтве, чарцяжы станкоў, машын. Аддзелы: забеспячэння захавання і ўліку дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і навук. выкарыстання.
А.В.Вараб’ёў.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР,
назва Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра ў 1926—32.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ АБ’Е́КТАЎ АХО́ВЫ ЗДАРО́ЎЯ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1989 у Мінску. Асн. кірунак дзейнасці: праектаванне і буд-ва аб’ектаў аховы здароўя.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ВОДАГАСПАДА́РЧАГА І МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАГА БУДАЎНІ́ЦТВА (Белдзіправадгас) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1951 у Мінску на базе ін-та «Белмеліяпраект». Асн. кірункі дзейнасці: вышукальныя і праектныя работы па асушэнні с.-г. угоддзяў, буд-ве сажалак, вадасховішчаў, рыбагасп. комплексаў, дарог у сельскай мясцовасці, здабычы торфу і сапрапелю, правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў. Распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў у басейнах буйных і сярэдніх рэк на 80% тэр. Беларусі, праекты водаахоўных збудаванняў у зоне Чарнобыльскай АЭС, прыродаахоўнага забеспячэння ў многіх жывёлагадоўчых комплексах.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ ГА́НДЛЮ І ГРАМА́ДСКАГА ХАРЧАВА́ННЯ (Белдзіпрагандаль) Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1965 у Мінску на базе доследнага канструктарскага бюро (з 1959). Асн. кірунак работы — праектаванне прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ МЯСНО́Й І МАЛО́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ (Белдзіпрамясамалпрам) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 як Мінскі філіял Ленінградскага ін-та па праектаванні прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці. З 1986 — Белдзіпрамясамалпрам. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне новых і рэканструкцыя дзеючых прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці, распрацоўка схем развіцця прадпрыемстваў галіны і інш.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ СІСТЭ́М І АБ’Е́КТАЎ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЯ (Белдзіпрагаз) канцэрна «Белпалівагаз». Засн. ў 1987 у Мінску на базе праектнага і інш. аддзелаў канструктарска-тэхнал. бюро з вытв. прадпрыемствам «Белгазтэхніка». Асн. кірунак дзейнасці — праектаванне сістэм і аб’ектаў газазабеспячэння.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М,
«Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», « Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц. т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым. мех. з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
В.А.Філімонаў.
т. 2, с. 440
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел. нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук. б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял. Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
Л.Дз.Клок.
т. 2, с. 440