«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў»,
зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. Падрыхтаваны гісторыка-археал. (пазней археаграфічнай) камісіяй Ін-та бел. культуры, выдадзены пад кіраўніцтвам Дз.І.Даўгялы ў Мінску (т. 1—3, 1927—30). Дакументы ў 1-м томе разбіты па раздзелах «Справы вышэйшых устаноў», «Справы мясцовых устаноў» (у асн. датычаць Магілёва), «Справы скарбу Вялікага княства Літоўскага». У 2-м томе (1928) змешчана т.зв. кніга запісаў № 16 з фондаў Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (судовая кніга Полацкага і Віцебскага пав. за 1530—38). 3-і том мае падзагаловак «Менскія акты. Вып. 1», змяшчае 245 дакументаў 1494—1791, у асн. сац.-эканам. зместу, заканадаўчыя і ўстаўныя акты, матэрыялы аб цэхавым ладзе і рамесніцкай дзейнасці ў Менску. «Беларускі архіў» — найб. значнае навук. археаграфічнае выданне Беларусі даваен. часу.
Г.Я.Галенчанка.
т. 2, с. 437
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ»,
«Белорусский архив древних грамот», зборнік дакументаў па гісторыі ўсх. зямель Беларусі 16—18 ст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І.І.Грыгаровічам пры ідэйнай і фін. падтрымцы М.П.Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824). Змешчана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны 15 ст. да 1768. Пераважаюць матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі і царк.-рэліг. адносінах, у асн. датычаць Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска (у тым ліку прывілей вял. кн. Аляксандра правасл. духавенству 1499, Жыгімонта І правасл. епіскапам 1511, прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578 і інш.). 2-я частка захавалася ў рукапісе (у Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва); змяшчае 66 дакументаў за 1252—1707, у тым ліку агульназемскі прывілей вял. кн. Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596, генеалагічную табліцу кн. Мсціслаўскіх. Для 3-й часткі прызначаліся дакументы 17 ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фін. цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).
Г.Я.Галенчанка.
т. 2, с. 437
БЕЛАРУ́СКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д
(БелАЗ). Створаны ў 1947—50 непадалёку ад чыг. ст. Жодзіна (цяпер г. Жодзіна Мінскай вобл.) як з-д тарфянога машынабудавання, з 1951 з-д «Дармаш» (выпускаў дарожныя каткі, снегаачышчальнікі, дрэнажныя машыны і інш.). З 1958 аўтамаб. з-д, даў першую прадукцыю. У 1975—94 у ВА «БелаўтаМАЗ». Спецыялізуецца на выпуску кар’ерных самазвалаў для гарнаруднай і буд. прам-сці (у 1993 выпушчана больш за 14 тыс. шт.),
аўтапаяздоў з самазвальнымі прычэпамі, аэрадромных цягачоў, калёсных трансп. сродкаў для металургічнай прам-сці. Асн. прадукцыя (1995): кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30 т, 42, 80, 120, 180 і 200 т, шлакавозы і аэрадромныя цягачы. За распрацоўку і серыйны выпуск (з 1965) велікагрузных самазвалаў БелАЗ 11 супрацоўнікам з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1968.
А.С.Рукцяшэль.
т. 2, с. 437
БЕЛАРУ́СКІ ВАКА́ЛЬНЫ КВАРТЭ́Т.
Існаваў у 1927—65 у Мінску. Напачатку працаваў пры БДТ-1, у 1930-я г. — пры Бел. радыёцэнтры. 1-ы склад квартэта: К.Мацалевіч, М.Швайко (тэнары), У.Патапаў, М.Нікалаевіч (басы), 2-і (з 1945) — В.Някрасаў, К.Пуроўскі (тэнары), М.Пігулеўскі, Э.Прабштэйн (басы). У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, ансамблі і пералажэнні харавых твораў Ф.Шуберта, Л.Бетховена, А.Барадзіна і інш. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.
т. 2, с. 438
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 438
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ,
гл. Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада.
т. 2, с. 438
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,
прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 438
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта, грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 438
БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).
т. 2, с. 438
«БЕЛАРУ́СКІ ГАЙ»,
бел. культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел. вайсковай рады створана Бел. нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел. нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.Трафімаў, С.М.Некрашэвіч, А.В.Баліцкі, Г.Я.Козел, П.Н.Гудзень, П.В.Ільючонак, С.А.Янушкевіч, А.Ф.Ляжневіч, І.І.Мацюкевіч, П.Пячонкін.
М.Ф.Шумейка.
т. 2, с. 438