Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІМАЖЫНІ́ЗМ,

плынь у рускай паэзіі 1920-х г., якую прадстаўляла аб’яднанне «Імажыністы» (тэарэтыкі В.​Шаршаневіч і А.​Марыенгоф, паэты С.​Ясенін, І.​Грузінаў, Р.​Іўнеў, А.​Кусікаў, мастакі Б.​Эрдман, Г.​Якулаў). Імажыністы апублікавалі дэкларацыю (1919), мелі сваё выд-ва «Імажыністы» (выпусціла больш за 20 кніг) і час. «Гостиница для путешествующих в прекрасном» (1922—24, № 1—4).

Яны развівалі эстэт. прынцыпы англ. паэтаў-імажыністаў (адмаўленне акадэмізму і рытарычнасці, арыентацыя на творчую інтуіцыю і парадаксальную вобразнасць), спалучалі іх з традыцыямі айч. маст. культуры (рытмічная і вобразная разнастайнасць фальклору, вольны верш, элементы сімвалізму, пераўтварэнне адных і адмаўленне другіх рыс паэтыкі футурызму), сцвярджалі аўтаномнасць паэт. мовы, самакаштоўнасць вобразнасці, метафарыстыкі і рытмікі, схіляючыся часам да «чыстага мастацтва».

І. паўплываў на маладую бел. паэзію і часткова крытыку 1920-х г. (мадэрнісцкія тэндэнцыі ў «Маладняку», «кантрастная вобразнасць» у дэкларацыі «Узвышша», «жывапісанне словам» у паэзіі і прозе, акцэнт на «асацыятыўную рытміку вобразаў»), Асобныя рысы паэтыкі І. прыкметныя ў ранняй творчасці Я.​Пушчы, Т.​Кляшторнага, прозе А.​Бабарэкі і інш. маладнякоўцаў.

У.​М.​Кокан.

т. 7, с. 207

ІМА́І (Тадасі) (8.1.1912, Токіо — 1991),

японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Пачынальнік японскага неарэалізму. Вучыўся ў Такійскім ун-це. Дэбютаваў фільмам «Кадэцкі корпус у Нумадзу» (1939). Паставіў фільмы: «Вёска Тадзінка» (1940), «Ворагі народа», «Блакітная града гор» (абодва 1946), «Мы яшчэ сустрэнемся» (1950), «А ўсё-ж такі мы жывём!» (1951), «Змрок сярод дня» (1956, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Аповесць пра чыстае каханне» (1957), «Аповесць пра жорсткасць бусіда» (1963, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Брат і сястра» (1976), «Юкі» (1981) і інш. Творчай манеры характэрны дэмакр. накіраванасць, востры погляд на рэчаіснасць, дакумент. яснасць стылю. Прэмія Міру 1951.

т. 7, с. 207

ІМА́М (араб. які знаходзіцца наперадзе),

1) духоўны кіраўнік, настаўнік у мусульман.

2) Правіцель мусульманскай дзяржавы, які спалучае ў адной асобе свецкую і духоўную ўлады.

3) Заснавальнік рэліг.-юрыд. толкаў (мазхабаў) у сунізме.

4) Вярхоўны кіраўнік шыітаў.

5) Духоўная асоба, якая кіруе богаслужэннем у мячэці.

т. 7, с. 208

ІМАМА́Т,

1) адна з форм мусульманскай тэакратыі.

2) У гісторыі народаў Каўказа І. — дзяржава мюрыдаў у Дагестане і Чэчні, якая ўзнікла ў канцы 1820-х г. у час Каўказскай вайны 1817—64. Ідэйная апора І. — мюрыдызм, а таксама газават і джыхад. І. узначальвалі імамы. Асабліва вызначыўся Шаміль [1834—59]. У пач. 1850-х г. паглыбіўся ўнутр. крызіс І., у т. л. абвастрыліся супярэчнасці паміж феадаламі і сялянамі. Асобныя праяўленні І. мелі месца ў 20 ст., у т. л. ў Чэчні ў час ваен. дзеянняў 1995—96.

т. 7, с. 208

ІМА́НАЎ (Лютфіяр Муслім аглы) (н. 17.4.1928, г. Сабірабад, Азербайджан),

азербайджанскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Бакінскае муз. вучылішча (1957), Азерб. ін-т мастацтваў (1968), выкладае ў ім (праф. з 1986). З 1958 саліст Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы («Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава), Балаш («Севіль» Ф.​Амірава), Багатур («Багатур і Сона» С.​Алескерава), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Валодае моцным выразным голасам прыгожага тэмбру. Выступае ў канцэртах.

т. 7, с. 208

І́МАНДРА,

возера на ПдЗ Кольскага п-ва, у Мурманскай вобл. Расіі. На выш. 126,7 м. Пл. 876 км². Глыб. да 67 м. Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Усх. бераг слаба расчлянёны, зах. мае шмат заліваў (губ). На І. больш за 140 астравоў. Складаецца з 3 частак: паўн. — Вялікая І., цэнтр. — Іокастраўская І., зах. — Бабінская І. Упадае каля 20 рэк, выцякае р. Ніва. Воды І. вылучаюцца вял. празрыстасцю (да 11 м). Рыбалоўства. Пасля стварэння ў 1936 ГЭС на р. Ніва І. стала вадасховішчам. На паўн.-зах. беразе І. ў Монча-губе г. Манчагорск.

т. 7, с. 208

І́МАНДРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Ніва, у Мурманскай вобл. Расіі. Утворана ў 1936 плацінай Ніва ГЭС-1. Складаецца з некалькіх азёрных участкаў (гл. Імандра). Пл. 876 км², аб’ём 11,2 км², даўж. 120 км, найб. шыр. 14 км. Ажыццяўляе шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 3,5 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і лесасплаву.

т. 7, с. 208

ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],

нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.​Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 208

ІМАНЕ́НТНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

плынь у ням. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст., якая атаясамлівала быццё, пазнавальную рэальнасць са зместам свядомасці і адмаўляла існаванне незалежнай ад свядомасці рэчаіснасці. Найб. вядомыя яе прадстаўнікі В.​Шупе (заснавальнік), Р.​Шуберт-Зольдэрн, А.​Леклер, М.​Каўфман і інш. Гал. свае ідэі Шупе выклаў у кн. «Тэарэтыка-пазнавальная логіка» (1878). І.ф. грунтавалася на крытычна пераасэнсаванай у суб’ектыўна-ідэалістычнага духу філасофіі І.​Канта і спецыялізавалася ў галіне гнасеалогіі. Прадстаўнікі І.ф. лічылі, што рэчаіснасць, мысленны аб’ект непасрэдна дадзены пазнавальнаму суб’екту, іманентны яго свядомасці (адсюль і назва І.ф.). Асн. яе тэзісы: існуе толькі тое, што мысліцца, аб’ект непарыўна звязаны з суб’ектам, існуе родавая (усеагульная) свядомасць, якая выступае ў якасці гаранта і крытэрыя аб’ектыўнасці. Асобныя ідэі І.ф. знайшлі адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, фенаменалогіі і інш. філас. плынях.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 208

ІМАРТЭ́ЛІ,

расліны, тое, што сухацветы.

т. 7, с. 208