Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРАБРО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.2.1944, Масква),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982). Лётчык-касманаўт СССР (1982). Канд. тэхн. н. (1974). Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1967). З 1976 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва, адначасова ў 1978—95 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 19—27.8.1982 з Л.​І.​Паповым і С.​Я.​Савіцкай здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-7» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз Т-5»); 20—22.4.1983 (як касманаўт-даследчык) з У.​Г.​Цітовым і Г.​М.​Стракалавым — на КК «Саюз Т-8»; 6.9.1989—19.2.1990 (як бортінжынер) з А.​С.​Віктарэнкам — на КК «Саюз ТМ-8» і АС «Мір»; 1.7.1993—14.1.1994 (як бортінжынер) з В.​В.​Цыбліевым і Ж.​П.​Эньерэ (Францыя) — на КК «Саюз ТМ-17» і АС «Мір». Правёў у космасе 372,95 сут. Здзейсніў 10 выхадаў у адкрыты космас.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 341

СЕРАБРО́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (18.2.1892, г. Курск, Расія — 26.6.1948),

рускі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1933), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). У 1929 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю генетыкі ў Біял. ін-це імя К.​А.​Ціміразева, у 1931 — сектар генетыкі і селекцыі ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Арганізатар і з 1930 заг. кафедры генетыкі Маскоўскага ун-та. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, гібрыдызацыі с.-г. жывёл і раслін. Прапанаваў і эксперым. пацвердзіў схему будовы гена, выказаў ідэю пра яго дыскрэтнасць, сфармуляваў тэорыю паходжання новых генаў шляхам дуплікацыі. Стварыў новы кірунак эвалюц. вучэння — генагеаграфію.

Унёс уклад у распрацоўку асноў селекцыі і гібрыдызацыі, метадаў генет. аналізу і ўвядзенне навук. распрацовак у с.-г. практыку.

А.С.Сераброўскі.

т. 14, с. 341

СЕРАБРО́ САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Ag. Колькасць серабра ў С.с. 99%. Мае прымесі вісмуту, медзі, жалеза, цынку, мыш’яку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае выгнутыя і скручаныя воласападобныя, дротавыя (да 10 см), пласціністыя, шкілетныя і дэндрытавыя выдзяленні, тонкія ўкрапванні ў сульфідах. Колер серабрыста-белы. Бляск моцны металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 10,5 г/см³. Вельмі коўкі. Праваднік цяпла і электрычнасці. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Трапляецца ў поліметалічных і сульфідных радовішчах. Гал. кампанент сярэбраных руд.

т. 14, с. 341

СЕРАБРЫ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ,

светлыя, празрыстыя воблакі, якія часам з’яўляюцца ў верхняй частцы мезасферы на выш. 70—90 км. Паводле структуры нагадваюць лёгкія перыстыя воблакі. Уяўляюць сабой скопішча часцінак (ледзяныя крышталікі, вулканічны і касм. пыл) памерам 10​−4—10​−5 см, якія добра рассейваюць сонечнае святло. Існуюць ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін.

Назіраюцца ў Паўн. паўшар’і на шыротах 45—70° ад мая да жн., у Паўд. — на шыротах 40—65° у цёплы час года. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

т. 14, с. 341

СЕРАБРЫ́СТЫ ТРУС,

мяса-шкуркавая парода трусоў. Выведзена ў СССР (Тульская і Палтаўская вобл.) скрыжаваннем мясц. чорных трусоў з пародай шампань. На Беларусі гадуюць аматары.

Канстытуцыя моцная. Целасклад, характэрны для жывёл мяснога кірунку (шырокія грудзі і спіна, моцныя ногі з развітой мускулатурай). Маса 4—6 кг. Поўсць густая, аднародная, цёмна- або светла-серабрыстая, галава, вушы, пярэдняя ч. цела і лапы цёмныя. Плоднасць 7—9 трусянят. Вызначаецца скараспеласцю, высокім выхадам мяса добрай якасці, каштоўным футрам.

Серабрысты трус.

т. 14, с. 341

СЕРАБРЭ́ННЕ,

нанясенне на паверхню вырабаў слоя серабра для павышэння каразійнай стойкасці, эл. праводнасці, адбівальнай здольнасці, антыфрыкцыйных уласцівасцей ці ў дэкар. мэтах. Таўшчыня сярэбранага пакрыцця ад доляў мікраметра да 30 мкм. С. метал. вырабаў робіцца гальванічным спосабам (гальванастэгіяй), радзей плакіраваннем (гарачай пракаткай або прасаваннем тонкага слоя серабра); неметал. (з пластмас, керамікі, шкла і інш.) — хім. спосабам (аднаўленнем серабра з водных раствораў яго солей), кандэнсацыяй пары серабра ў вакууме, катодным распыленнем, метадам упальвання і інш.

т. 14, с. 342

СЕРАВАДАРО́Д,

найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.

Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.

т. 14, с. 342

СЕРАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

гл. ў арт. Серавадарод.

т. 14, с. 342

СЕРАВУГЛЯРО́Д вугляроду дысульфід,

злучэнне серы з вугляродам, CS2.

Бясколерная вадкасць з прыемным пахам, шчыльн. 1263 кг/м³ (20 °C), tкіп 46,24 °C. На святле часткова раскладаецца, таму жаўцее і пачынае смярдзець. Сумесь пары С. з паветрам (1,25—50% С. па аб’ёме) выбухованебяспечная (захоўваюць С. пал слоем вады). Дрэнна раствараецца ў вадзе; неабмежавана змешваецца з дыэтылавым эфірам, этанолам, хлараформам, добра растварае тлушчы, алеі, смолы, каўчукі, серу, фосфар, ёд. Пры награванні (t > 150 °C) раскладаецца вадой з вылучэннем серавадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем пары серы з метанам (прыродным газам) пры 500—700 °C у прысутнасці сілікагелю або з драўняным вугалем пры 750—1000 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскозы і фунгіцыдаў, для вулканізацыі каўчуку, як растваральнік, экстрагент. Атрутны, пашкоджвае нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы; ГДК у атм. паветры 0,005 мг/м³.

т. 14, с. 342

СЕРАДА́ (Валерый Сцяпанавіч) (5.12.1936, в. Акрыёны Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.6.1997),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1986), праф. (1987). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). У 1978—97 заг. кафедры Бел. пед. ун-та. Навук. працы па эканам. тэорыі, праблемах развіцця нар. гаспадаркі, удасканальвання вытв. адносін, якасці прадукцыі, кіравання ў сферы адукацыі.

Тв.:

Вопросы научного творчества студентов: (Методика, теория, практика). Мн., 1975 (разам з М.​І.​Базылевым);

Научно-технический прогресс и качество промышленной продукции. Мн., 1978;

Резервы развития народного хозяйства. Мн., 1986;

Экономический словарь-справочник. Мн., 1989 (разам з М.​А.​Кушыным, І.​С.​Святліцкім);

Эканамічная тэорыя. Ч. 1—3. Мн., 1994;

Экономика для всех: вопр. и размышления. Вып. 1. Мн, 1995;

Экономика и управление в сфере образования. Мн., 1999 (у сааўт.).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 14, с. 342