СЕРАБРЭ́ННЕ,

нанясенне на паверхню вырабаў слоя серабра для павышэння каразійнай стойкасці, эл. праводнасці, адбівальнай здольнасці, антыфрыкцыйных уласцівасцей ці ў дэкар. мэтах. Таўшчыня сярэбранага пакрыцця ад доляў мікраметра да 30 мкм. С. метал. вырабаў робіцца гальванічным спосабам (гальванастэгіяй), радзей плакіраваннем (гарачай пракаткай або прасаваннем тонкага слоя серабра); неметал. (з пластмас, керамікі, шкла і інш.) — хім. спосабам (аднаўленнем серабра з водных раствораў яго солей), кандэнсацыяй пары серабра ў вакууме, катодным распыленнем, метадам упальвання і інш.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)