Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕЛЕНАВАДАРО́Д,

селеністы вадарод, гідрыд селену, бясколерны газ з непрыемным пахам, H2Se. Шчыльн. вадкага 2120 кг/м³, tпл -65,72 °C, tкіп -41,35 °C. На сухім паветры пры хатняй т-ры ўстойлівы; на вільготным паступова акісляецца да селену, пры награванні гарыць з утварэннем дыаксіду. селену SeO2. Мала растваральны ў вадзе, раствор мае слабакіслую рэакцыю. Моцны аднаўляльнік. Ядавіты, пашкоджвае слізістыя абалонкі (ГДК 0,2 мг/м³). Выкарыстоўваецца для атрымання селену высокай чысціні, селенідаў, селенарганічных злучэнняў.

т. 14, с. 305

СЕЛЕ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

цвёрдае крышт. рэчыва, H2SeO4. Раствараецца ў вадзе, tпл 62,4 °C, вышэй tпл раскладаецца. Па хім. уласцівасцях блізкая да сернай кіслаты, але мае большую акісляльную здольнасць, асмольвае арган. рэчывы. Солі С.к. — селенаты, падобныя на сульфаты.

т. 14, с. 305

СЕЛЕНАЛО́ПЯ (ад грэч. selēnē Месяц + ...логія),

раздзел планеталогіі, які даследуе будову і хіміка-мінералагічны склад Месяца. Форму і метрычныя характарыстыкі Месяца даследуе селенадэзія. С. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. з пачаткам прамых даследаванняў Месяца пры дапамозе штучных спадарожнікаў Месяца і прыбораў, дастаўленых на яго паверхню касм. станцыямі. Задачы С. — высвятленне працэсаў, што фарміруюць рэльеф месяцавай паверхні, прыроды грунтоў, рэчыўнага саставу і мех. уласцівасцей покрыва, а таксама вывучэнне гісторыі развіцця форм паверхні. Выкарыстоўвае метады астрафізікі, геафізікі, геахіміі, геалогіі (напр., растравую электронную мікраскапію) і інш. Вядуцца наземныя і касм. назіранні аптычных, цеплавых, радыёлакацыйных і інш. характарыстык паверхні, таксама вымярэнні ўласцівасцей месяцовых парод.

т. 14, с. 306

СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.

т. 14, с. 305

СЕЛЕНГА́,

рака ў Манголіі і Расіі (Бураціі). Утвараецца ад сутокаў рэк Ідэр і Мурэн. Даўж. (ад вытоку р. Мурэн) 1024 км, у т. л. 409 км у межах Расіі, пл. бас. 447 тыс. км², у т. л. 148 км у межах Расіі. Цячэ пераважна па нізкагор’ях і хвалістых раўнінах, упадае ў воз. Байкал, утварае дэльту (пл. 680 км²). Асн. прытокі: Эгійн-Гал, Джыда (злева), Архон, Чыкой, Хілок, Уда (справа). Нізкае веснавое разводдзе, летне-асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады больш за 900 м³/с. На С. прыпадае каля палавіны аб’ёму сумарнага гадавога сцёку рэк, якія ўпадаюць у воз. Байкал. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Суднаходная. У бас. С. больш за 5,5 тыс. азёр агульнай пл. 616 км². На С. — г. Улан-Удэ.

т. 14, с. 306

СЕЛЕНІ́ДЫ,

злучэнні селену з менш электраадмоўнымі элементамі. Вядомыя для металаў і неметалаў. Крышт. рэчывы часта з метал. бляскам. Па хім. уласцівасцях блізкія да сульфідаў і тэлурыдаў. Маюць паўправадніковую або метал. эл. праводнасць. Выкарыстоўваюць у фотарэзістарах і фотаэлементах (С. цынку, кадмію, ртуці), у лазерах (С. галію), як кампаненты сухіх антыфрыкцыйных змазак пры ўмовах высокага вакууму (напр., у касм. апаратах) і цвёрдых змазак вузлоў трэння машын, каталізатары ў арган. сінтэзе (С. малібдэну, вальфраму, ніобію), пігменты для фарбаў (С. кадмію). Гл. таксама Селенарганічныя злучэнні.

т. 14, с. 306

СЕЛЕНІ́Т (ад грэч. selēnē Месяц),

сацінавы шпат, мінерал, структурная разнавіднасць гіпсу. Тонкавалакністыя крышталі ўтвараюць субпаралельныя агрэгаты, якія запаўняюць трэшчыны ў мергелістых пясчаніках; валокны С. перпендыкулярныя сценкам трэшчын. Колер мядовы, ружова-жоўты, крэмавы, зменлівы ўздоўж валокнаў. Бляск шаўкавісты, узмацняецца пры паліроўцы, абумоўлівае з’яву светлавога «месяцавага» водбліску. Цв. 2. Вырабны камень. Буйное радовішча на Урале (Расія).

Селеніт.

т. 14, с. 306

СЕЛЕ́НУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць селен. Найб. пашыраны селенавадарод H2Se і яго солі — селеніды. Пры спальванні селену ў паветры ўтвараецца аксід селену SeO2, які з’яўляецца ангідрыдам селеністай к-ты H2SeO3. Пад уздзеяннем моцных акісляльнікаў, у прысутнасці вады селеністы ангідрыд пераходзіць у селенавую кіслату H2SeO4, солі якой (селенаты) па хім. уласцівасцях аналагічныя сульфатам. Выкарыстоўваюцца С.з. ў арган. сінтэзе, электратэхн., хім., металургічнай, фармацэўтычнай прам-сцях. Гл. таксама Селенарганічныя злучэнні.

т. 14, с. 306

СЕ́ЛЕРС, Селарс (Sellars) Рой Вуд (9.7.1880, г. Эгмандвіл, Канада — 5.9.1973), амерыканскі філосаф, адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Праф. Мічыганскага ун-та (1905—50). Распрацаваў тэорыю ўзроўняў стварэння прыроды, паводле якой з’яўленне якасна новага звязана з пераходам з ніжэйшага на больш высокі ўзровень развіцця. У этыцы адстойваў канкрэтна-гіст. і сацыяльна абумоўлены характар маральных ацэнак і духоўных каштоўнасцей. Палемізаваў з ідэаліст. філас. кірункамі, крытыкаваў тэорыю псіхафізіял. дуалізму, тэалогію і рэліг. догматы. Гал. творы: «Крытычны рэалізм» (1916), «Эвалюцыйны натуралізм» (1922), «Прынцыпы і праблемы філасофіі» (1926), «Філасофія фізічнага рэалізму» (1932) і інш.

т. 14, с. 306

СЕЛЕТЫТЭНІ́З,

бяссцёкавае горка-салёнае возера на мяжы Какчэтаўскай і Паўладарскай абл. Казахстана. Сярэдняя пл. 777 м² (пл. зменьваецца). Глыб. да 3,2 м. Размешчана на дне ўпадзіны на выш. 64 м. Упадаюць рэкі Шалаксай і Селеты (губляецца ў саланчаковых балотах, дасягае С. у разводдзе).

т. 14, с. 306