СЕЛЕНАЛО́ПЯ (ад грэч. selēnē Месяц + ...логія),
раздзел планеталогіі, які даследуе будову і хіміка-мінералагічны склад Месяца. Форму і метрычныя характарыстыкі Месяца даследуе селенадэзія. С. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. з пачаткам прамых даследаванняў Месяца пры дапамозе штучных спадарожнікаў Месяца і прыбораў, дастаўленых на яго паверхню касм. станцыямі. Задачы С. — высвятленне працэсаў, што фарміруюць рэльеф месяцавай паверхні, прыроды грунтоў, рэчыўнага саставу і мех. уласцівасцей покрыва, а таксама вывучэнне гісторыі развіцця форм паверхні. Выкарыстоўвае метады астрафізікі, геафізікі, геахіміі, геалогіі (напр., растравую электронную мікраскапію) і інш. Вядуцца наземныя і касм. назіранні аптычных, цеплавых, радыёлакацыйных і інш. характарыстык паверхні, таксама вымярэнні ўласцівасцей месяцовых парод.
т. 14, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)