СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл.Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.
СЕЙСМАМЕТРЫ́Я (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...метрыя),
раздзел сейсмалогіі, які распрацоўвае метады і прыборы рэгістрацыі ваганняў грунтоў, збудаванняў і інш. аб’ектаў пры ўздзеянні на іх сейсмічных хваль, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Запіс сейсмічных ваганняў робіцца з дапамогай сейсмографаў у выглядзе сейсмаграмы. Рэгістрацыя сейсмічных хваль, што ўзнікаюць пры землетрасеннях, ядзерных выбухах і інш. вядзецца на сейсмічных станцыях.
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, здольных процістаяць сейсмічным уздзеянням пры землетрасеннях, захоўваючы свае эксплуатацыйныя якасці. Па 12-бальнай шкале сейсмічна небяспечным для будынкаў і збудаванняў лічыцца землетрасенне інтэнсіўнасцю 6 балаў, на ўчастках з сейсмічнасцю больш за 9 балаў буд-ва, як правіла, не дапускаецца.
Сейсмаўстойлівасць збудаванняў забяспечваецца выбарам спрыяльнага ў сейсмічных адносінах месца (пляцоўкі) для буд-ва (для гэтага карыстаюцца спец.сейсмічнымі картамі), распрацоўкай найб. рацыянальных канструктыўных і планіровачных схем збудаванняў, выкарыстаннем адпаведных матэрыялаў і буд. канструкцый. Сейсмічныя нагрузкі на збудаванні вызначаюцца залежна ад сейсмічнасці раёна буд-ва, характару і інтэнсіўнасці руху грунту пры землетрасенні, канструкцыйных асаблівасцей збудавання (памераў у плане, працягласці, вышыні, паверхавасці і інш).
падзел тэрыторыі на раёны рознай сейсмічнай актыўнасці; ацэнка і карціраванне патэнцыяльнай сейсмічнай небяспекі. Даныя С.р. выкарыстоўваюцца пры сейсмастойкім буд-ве, прагнозе землетрасенняў і вырашэнні інш. задач на сейсмічна небяспечных тэрыторыях. Засн. на базе комплекснага аналізу гіст. звестак пра землетрасенні, сучаснай сейсмічнай актыўнасці, геолага-тэктанічнай будовы тэрыторыі і геафіз. даных. На картах С.р. вылучаюць зоны розных глыбінь узнікнення магчымых ачагоў землетрасення (найб. небяспечныя землетрасенні з ачагамі на глыб. 3—50 км), з макс. магнітудамі землетрасенняў (Mmax ≥ 8,1; 8 > M ≥ 7,1; 7 > M ≥ 6,1), з інтэнсіўнасцю 9, 8, 7, 6, 5 і менш балаў. Маштабы карт ад 1:5 000 000 да 1:100 000. Праводзіцца таксама сейсмічнае мікрараянаванне для гарадоў і асобных пунктаў буд-ва. На Беларусі ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі складзена схема сейсматэктанічнага раянавання, дзе вылучаны зоны магчымых землетрасенняў інтэнсіўнасцю больш за 5 балаў (маштаб 1:1 000 000; аўтары Р.Г.Гарэцкі, А.М.Бабарыкін, В.М.Бурак і інш.).
схільнасць Зямлі або асобных яе тэрыторый да землетрасенняў. Характарызуецца інтэнсіўнасцю землетрасенняў, тэрытарыяльным размеркаваннем іх эпіцэнтраў і інш.Найб. сейсмічныя Ціхаакіянскі, Міжземнаморскі, Сярэдзінна-Атлантычны, Усходнеафрыканскі паясы (гл. адпаведныя арг. і карту). Паводле сукупнасці даных аб С.з. праводзіцца сейсмічнае раянаваннетэр., ствараюцца сейсмічныя карты. Вывучае сейсмалогія. Гл. таксама Сейсмічная разведка, Сейсмічная шкала і інш.
сукупнасць геафізічных метадаў разведкі, заснаваных на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль з мэтай вывучэння будовы, рэчыўнага саставу і напружанага стану зямных нетраў. Найб. пашыраны метад адбітых хваль, які дазваляе карціраваць межы з дакладнасцю да 1—2% на глыб. да 7—10 км. З дапамогай метаду пераломленых хваль вывучаюць слаі з падвышанай скорасцю сейсмічных хваль. Карэляцыйны метад пераломленых хваль і глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне ўжываюць пры рэгіянальных даследаваннях кантынентаў і акіянаў. Мадыфікацыю метаду адбітых хваль (падсумаванне карысных сігналаў, адбітых ад агульнага глыбіннага пункта) выкарыстоўваюць для пошукаў і разведкі карысных выкапняў. Адрозніваюць метады С.р. нізка- (менш за 10 Гц), сярэдне- (10—100 Гц) і высокачастотныя (больш за 100 Гц). Нізкачастотныя выкарыстоўваюць для даследаванняў на вял. глыбінях і адлегласцях, высокачастотныя — пры вывучэнні скальных рудных парод (рудная С.р.). Сейсмаакустычныя метады ўмоўна вылучаны ў асобную вобласць паводле дыяпазону частот (600—6 тыс.Гц); выкарыстоўваюць на невял. глыбінях у свідравінах (акустычны каратаж), шахтах і горных вырабатках, на марскім шэльфе і інш. С.р. ўжываюць пры разведачным свідраванні нафта- і газаносных структур, выяўленні структурных рудных палёў, буйных разломаў, пегматытавых цел і кварцавых жыл (п’езаэл. метад), высвятленні палажэння водаўпораў, узроўню грунтавых вод і інш. С.р. аб’ядноўваюць таксама з гравіметрычнымі, магн. і эл. метадамі геафізічнай разведкі.
установа для бесперапыннай рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, выбухах і інш. з дапамогай сейсмографаў. Вылучаюць апорныя С.с. (рэгіструюць сейсм. сігналы на адлегласці да эпіцэнтра больш за 2 тыс.км) і рэгіянальныя С.с. (на адлегласці да 2 тыс.км). С.с. свету рэгіструюць землетрасенні па адзіным часе — сярэднім Грынвіцкім. У сусв. сетцы С.с. больш за 2 тыс. стацыянарных, у т. л. ў СНД — каля 350 станцый (адзіная сістэма назіранняў). На Беларусі — 1 апорная С.с. «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі і 3 рэгіянальныя: «Нарач», «Гомель» (в. Чонкі) і «Салігорск».
шкала для ацэнкі інтэнсіўнасці землетрасення. Адрозніваюць С.ш. для ацэнкі энергіі ачагоў землетрасення (шкала магнітуд землетрасенняў або шкала Рыхтэра, дзе магнітуда — умоўная велічыня, прапарцыянальная лагарыфму энергіі, што выпраменьваецца ачагом землетрасення) і для інтэнсіўнасці праяўлення землетрасенняў на паверхні Зямлі (у балах). Аснова для вызначэння інтэнсіўнасці ў 12-бальнай міжнар. шкале (MSK-64) — ступень пашкоджання будынкаў, рэшткавыя дэфармацыі грунту і інш. (гл.табл.).
В.Я.Клюц.
Міжнародная сейсмічная шкала MSK-64
Балы
Характарыстыка інтэнсіўнасці землетрасенняў
1
Ваганні глебы адзначаюцца прыборамі
2
Адчуваюцца ў асобных выпадках людзьмі, якія знаходзяцца ў спакойным стане
3
Адзначаюцца нямногімі людзьмі
4
Адзначаюцца многімі людзьмі. Магчыма бразгатанне шкла
5
Гайданне вісячых прадметаў. Людзі прачынаюцца
6
Лёгкія пашкоджанні ў будынках, тонкія трэшчыны ў тынкоўцы
7
Трэшчыны ў тынкоўцы і адколванне асобных кавалкаў, тонкія трэшчыны ў сценах
8
Вялікія трэшчыны ў сценах, падзенне карнізаў, комінаў
9
У некаторых будынках абвалы: абрушэнне сцен, перакрыццяў, даху
10
Абвалы ў шматлікіх будынках. Трэшчыны ў грунтах шыр. да 1 м
11
Шматлікія трэшчыны на паверхні Зямлі, вял. абвалы ў гарах
адлюстроўваюць якасныя і колькасныя характарыстыкі землетрасенняў, іх размяшчэнне і звязаныя з імі з’явы (напр., сейсмадыслакацыі, цунамі). На картах эпіцэнтраў землетрасенняў паказваюць палажэнне эпіцэнтраў, інтэнсіўнасць і частату паўтарэння землетрасенняў, глыбіні ачагоў. Карты ізасейстаў адлюстроўваюць вынікі землетрасення ў выглядзе зон з рознай інтэнсіўнасцю страсення ў балах. Ствараюць таксама карты сейсмічнага раянавання.
пругкія ваганні, што распаўсюджваюцца ў Зямлі ад ачагоў землетрасенняў, выбухаў і інш. Адрозніваюць падоўжныя С.х. (ваганні адбываюцца ў напрамку распаўсюджвання хвалі, выклікаюць сцісканне і расцяжэнне), папярочныя С.х. (перпендыкулярныя распаўсюджванню хвалі; хвалі зруху), паверхневыя С.х. (узнікаюць каля паверхні падзелу геал. асяроддзяў; хвалі Лява, Рэлея), аб’ёмныя С.х. (падоўжныя і папярочныя хвалі, ідуць ад ачага ўзбуджэння па аб’ёме Зямлі), адбітыя і пераломленыя С.х. (узнікаюць на мяжы падзелу геал. асяроддзяў з рознымі фіз. ўласцівасцямі). Рэгістрацыя С.х. дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі. Гл. таксама Сейсмаграма, Сейсмічная разведка.