СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл. Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яе тэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.
В.Я.Клюц.
т. 14, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)