Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЧЫ́ЎКІ (Carpodacus),

род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 21 від. Пашыраны пераважна ў гарах Цэнтр. Азіі, 3 віды на ПнЗ Паўн. Амерыкі, 1 — у Еўропе. Жывуць у хмызняках і па ўзлесках. На Беларусі 1 від — С. звычайная (C. erythrinus), якая робіць пералёты да Індыі і Кітая.

Даўж. цела да 22 см, маса да 26 г. Самцы пераважна чырв., самкі буравата-шэрыя. Нясуць 3—6 яец. Кормяцца насеннем, ягадамі, зрэдку насякомымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Самец сачыўкі звычайнай.

т. 14, с. 219

САЧЫЎЛЯ́НЫ,

вёска ў Гербелевіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Пад’яварка. Цэнтр калгаса. За 17 км на Пд ад г. Дзятлава, 156 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Наваельня. 343 ж., 139 двароў (2001). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 219

САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,

сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.

У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш. Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.

На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.

В.​А.​Ганэ, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 219