Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

ПІЯ́РЫ (лац paters scholarum piarum айцы набожных школ),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў 1597 ісп. святаром Іосіфам (Хасэ) Каласанцам, у 1621 зацверджаны рымскім папам Грыгорыем XV. На чале ордэна стаялі — генерал, 4 асістэнты і 4 кансультанты. Мэтай П. было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі школ і калегіумаў, а не паліт. ці місіянерская дзейнасць. У Польшчы П. з’явіліся ў 1642 і ў хуткім часе пашырылі сваю дзейнасць на тэр. ВКЛ. На Беларусі калегіумы П. існавалі ў Драгічыне, Лідзе, існавалі і піярскія школы. Пасля ўключэння Беларусі ў склад Рас. імперыі (канец 18 ст.) П. паступова спынілі сваю дзейнасць.

т. 12, с. 397

ПІЯРЭ́Я АЛЬВЕАЛЯ́РНАЯ,

тое, што парадантоз.

т. 12, с. 397

ПІЯТРО́ЎСКІ (Віктар Іосіфавіч) (1855 — пасля 1917),

бел архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1879). З 1879 працаваў у Наўгародскай губ., у 1881—87 Віцебскі гар. архітэктар. Паводле праекта П. і пад яго кіраўніцтвам пабудаваны з-д у г. Чашнікі, рэканструяваны Віцебскі гар. т-р (1882) і Віцебскі Варварынскі касцёл (1885).

т. 12, с. 397

ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),

бел. крытык і літ.-знавец. Правадз. чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл. навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АН БССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.​Скарыну, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ц.​Гартнага, Ядвігіна І.П., М.​Чарота, К.​Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.​Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.​Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.​Скалабанам.

Тв.:

Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;

Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;

Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;

У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975. С. 90—101;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.

Г.​В.​Кісялёў.

М.М.Піятуховіч.

т. 12, с. 398

ПІЯ́Ф (Piaf) Эдзіт [сапр. Гасьён (Gassion) Эдзіт Джавана; 19.12.1915, Парыж — 11.10.1963], французская эстрадная спявачка-шансанье. З 1930 выступала ў кабарэ і эстрадных т-рах, з 1956 у т-ры «Алімпія» ў Парыжы. Валодала багатым адценнямі голасам. Яе выканальніцкую манеру вылучалі экспрэсія ў спалучэнні з прастатой. Стварыла лірычную песню-споведзь, працягвала традыцыю стылю «песнь франц. вуліцы», у які прыўнесла трагічныя матывы, была аўтарам многіх з іх. Знялася ў фільмах «Безыменная зорка», «Парыж працягвае спяваць», «Фрэнчканкан» і інш. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — На балу удачи. М., 1965;

Книга о себе // Театр. 1965. №1—5.

Лит.: Берто С. Эдит Пиаф: Пер с фр. М., 1991; Дюкло П., Мартен Ж Эдит Пиаф: Пер. с фр. Смоленск, 1997.

Э.Піяф.

т. 12, с. 398