Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКА́РАВА (Галіна Кліменцьеўна) (27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1967). Нар. арг. СССР (1980). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).

Ю.М.Сохар.

Г.К.Макарава.
Г.Макарава ў ролі Маці.

т. 9, с. 527

МАКА́РАВА (Іна Уладзіміраўна) (н. 28.7.1928, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1985). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1948). У кіно дэбютавала ў ролі Любы Шаўцовай у фільме «Маладая гвардыя» (1948, паводле рамана А.Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949). Раннія гераіні М. вылучаюцца тэмпераментнасцю, непасрэднасцю, цэльнасцю натуры; Каця («Вышыня», 1957), геолаг Вара («Дарагі мой чалавек», 1958), Надзя («Дзяўчаты», 1962). Майстар вострахарактарных, камедыйных роляў: Нона («Справа Румянцава», 1956), Анфіса («Жаніцьба Бальзамінава» паводле п’есы А.Астроўскага, 1965), Дунька («Любоў Яравая» паводле п’есы А.Транёва, 1970). Знялася таксама ў фільмах: «Жанчыны» (1966), «Рускае поле» (1972), «Яшчэ не вечар» (1975), «Пашахонская даўніна» (1977), «Жывая вясёлка» (1983), «Мёртвыя душы» (1984), «Дзяцінства Бэмбі» (1985), «Лермантаў» (1986).

т. 9, с. 527

МАКА́РАВА (Наталія Раманаўна) (н. 21.11.1940, С.-Пецярбург),

артыстка балета. Засл. арт. Расіі (1969). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1959). З 1959 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. З 1970 у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Йорк), у 1972—89 адначасова ў Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. Для яе творчасці характэрны унікальная пластычнасць, дасканалае майстэрства, вонкавая вытанчанасць і ўнутр. тэмперамент. Сярод партый: Адэта—Адылія, прынцэса Фларына і Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Крыўляка і Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жар-птушка («Жар-птушка» І.Стравінскага), Манон («Манон Леско» на муз. Ж.Маснэ), Таццяна («Анегін» на муз. Чайкоўскага), у мініяцюры «Святло Месяца» на муз. К.Дэбюсі. Выступае як балетмайстар, драм. актрыса, у т.л. ў спектаклі «Двое на арэлях» У.Гібсана ў Т-ры Р.Вікцюка. Ёй прысвечаны тэлефільмы «Асалюта» (1978), «Наташа» (1985), «Вяртанне Макаравай», «Ленінградская легенда» (абодва 1989; усе Вялікабрытанія). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Варна, 1965), прэмія імя Ганны Паўлавай (Парыж, 1970). Аўтар прац па праблемах харэаграфічнага мастацтва, аўтабіяграфіі (1979).

Літ.:

Красовская В. Н.Макарова // Ленинградский балет сегодня. Л.;

М., 1967. Вып. 1;

Н.Макарова: Восемнадцать лет спустя. М., 1993;

Clarke M., Crisp C. Ballerina: The art of women in classical ballet. London, 1987.

Н.Макарава ў мініяцюры «Святло Месяца» на музыку Дэбюсі.

т. 9, с. 527

МАКА́РАВА (Тамара Фёдараўна) (13.8. 1907, С.-Пецярбург — 18.1.1997),

расійская кінаактрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1950). Герой Сац. Працы (1982). Скончыла Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтва (1930). З 1943 выкладала ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1968 праф.). У кіно з 1927. З 1934 здымалася пераважна ў фільмах С.Герасімава («Ці кахаю цябе?», 1934; «Сямёра смелых», 1936; «Камсамольск», 1938; «Настаўнік», 1939, і інш.), у якіх стварыла вобразы маладых жанчын, натхнёных ідэаламі часу, здольных на глыбокія пачуцці. У фільмах «Маладая гвардыя» (1948), «Дарога праўды» (1956), «Памяць сэрца» (1958), «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Юнацтва Пятра» (1981), «Леў Талстой» (1984) пры прастаце і стрыманасці малюнка ролі раскрыла ўнутр. свет гераінь, іх багаты жыццёвы вопыт, мудрае бачанне складаных праяў рэчаіснасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.

Літ.:

Туманова Н.П. Т.Макарова: Творч. портрет. М., 1982.

Г.В.Ратнікаў.

Т.Ф.Макарава.

т. 9, с. 528

МАКА́РАВА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., паміж падводнымі хр. Ламаносава і падняццем Альфа. Аддзелена ад катлавіны Падводнікаў хр. Ламаносава. Пераважаюць глыб. каля 3000 м, найб. — 3940 м. Дно ўкрыта ілам. Адкрыта сав. даследчыкамі ў 1950. Названа ў гонар С.В.Макарава.

т. 9, с. 528

МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),

від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.Крапіва) і прозе (Я.Купала, Я.Колас).

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),

савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам. нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;

Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;

Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.

Літ.:

А.С.Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.

А.С.Макаранка.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Іван Раманавіч) (19 6.1907, в. Гута Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1971),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр., 1-м і 3-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Пам. камандзіра сапёрнага ўзвода М. вызначыўся ў 1944 і 1945 у баях на тэр. Украіны, Беларусі і Германіі.

т. 9, с. 528

МАКА́РАНКА (Сяргей Лаўрэнцьевіч) (н. 11.9.1937, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. спартсмен і трэнер па веславанні на байдарках і каноэ. Засл. майстар спорту СССР (1960), майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). З 1975 старшы трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства і зборнай каманды Беларусі, у 1995—99 старшы трэнер нац. каманды па веславанні на байдарках і каноэ. Чэмпіён XVII Алімп. гульняў (1960, Рым) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён свету і Еўропы (1963, г. Яйцы, Югаславія), Еўропы (1961, г. Познань, Польшча) на дыстанцыі 10 тыс. м. Чэмпіён СССР (19 59—63, на дыстанцыях 1000 і 10 тыс. м; усюды на каноэ-двойцы, разам з Л.Гейштарам).

т. 9, с. 528

Макаранка Генадзь Макаравіч

т. 18, кн. 1, с. 424