МАКА́РАВА (Іна Уладзіміраўна) (н. 28.7.1928, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1985). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1948). У кіно дэбютавала ў ролі Любы Шаўцовай у фільме «Маладая гвардыя» (1948, паводле рамана А.Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949). Раннія гераіні М. вылучаюцца тэмпераментнасцю, непасрэднасцю, цэльнасцю натуры; Каця («Вышыня», 1957), геолаг Вара («Дарагі мой чалавек», 1958), Надзя («Дзяўчаты», 1962). Майстар вострахарактарных, камедыйных роляў: Нона («Справа Румянцава», 1956), Анфіса («Жаніцьба Бальзамінава» паводле п’есы А.Астроўскага, 1965), Дунька («Любоў Яравая» паводле п’есы А.Транёва, 1970). Знялася таксама ў фільмах: «Жанчыны» (1966), «Рускае поле» (1972), «Яшчэ не вечар» (1975), «Пашахонская даўніна» (1977), «Жывая вясёлка» (1983), «Мёртвыя душы» (1984), «Дзяцінства Бэмбі» (1985), «Лермантаў» (1986).

т. 9, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)